Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але напружна-разгонная праца, вясёласьць навокал, сьмех, жарты сялян паступова заглушылі гэтае пачуцьцё, вярнулі спакой. Працавалася добра. Ад бяссоннай ночы ва ўсім целе адчувалася млосьць, але не хваравітая, не цяжкая — такая, ад якой хочацца пацягнуцца, магутна распрастаць усе костачкі, зрабіць нейкую напружную патугу. Таму праца сягодня ня толькі была не цяжкая, а давала прыемную слодыч, дзіўна здавальняла патрэбнасьць істоты.

Праз гадзіну ці паўтары пасьля пачатку работы, калі ўжа далёка ў глыб лукі закаціліся густыя пракосы, на сенажаці зьявіўся „Карла“. Ён прыскакаў верхам на сваім шалёным стаеньніку, сьперш пагарцаваў па скошаным, потым пад‘ехаў да сялян, спыніўся ля іх — пануры і грозны, як хмара. Ён правёў разы са два сваім марудным цяжкім поглядам па шэрагу касцоў, потым запытаў ціхім візкім голасам:

— Хто вам дазволіў касіць?..

Усе маўчалі, угупіўшыся ў зямлю, заўзята махалі косамі.

— Хто дазволіу касіць?..

Голас яго ўжо ўзьняўся, набыў мэталічную рэзкасьць.

Нехта азваўся, буркнуў нібы сам сабе:

— Ніхто не дазваляў, самі дазволілі…

Тады яшчэ колькі чалавек падхапілі:

— Вядома, што самі. Хто-ж нам дазволіць? Пайшлі вось дый зачалі.

„Карла“ відаць пачуў у галасох сялян нотку абдуманай, загадзя падрыхтаванай упартасьці. Ён зноў панізіў тон.

— Хто ў вас старэйшы?..

— Усе старэйшыя… Усе… Усе…

— З кім я магу гаварыць?..

— Усе ўмеем, можна з усімі…

Раптам з пракосу вышаў Андрэй і падышоў да „Карлы“. Ён прыняў наўмысна пакорны, сьмяхотна-далікатны выгляд, падышоў, жартліва пакланіўся.

— Паночку! Калі будзе на тое вашая ласка — я магу добра з вамі пагутарыць. Я ня ўмею касіць — бачыце, колькі барод? — гэта ўсё я нарабіў, — але гаварыць я — мастак. У мяне,