Раіса яго нецярпліва перапыніла.
— Кіньце чмурыць… Я не такая наіўная, каб не пазнаць, як крычыць сава.
На Дняпры плесканулася нейкая рыбіна.
— Чуеце, Раіса Андрэеўна, гэта рыба ловіць вашы нешчасьлівыя вянкі.
Яна засьмяялася.
— Слухайце! Ніколі не ўспамінайце мне пра гэтыя вянкі. Добра?..
Ён згадзіўся. На колькі хвілін запанавала маўчанка. Потым Раіса раптам зьвярнулася да яго, сказала зусім сур‘ёзным, нават нейкім сярдзітым тонам:
— Васіль Данілавіч! Пацалуйце мяне!..
Лясьніцкі асалапеў ад нечаканасьці. Але неяк нязграбна прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў у шчаку. Яна нібы раззлавалася.
— Ня так вы, ня ўмееце… Во так трэба, во… во…
І яна пачала цалаваць яго ў вусны, у вочы гарачымі моцнымі пацалункамі.
— Во так… Любы, дарагі… сонца маё… мучыцель… бог мой…
Лясьніцкі ня ведаў, што рабіць. Потым забунтавалася кроў, затуліў галаву пякучы салодкі туман — ён памкнуўся абняць яе, прыгарнуць да сябе. Яна заўважыла, сярдзіта яго адпіхнула.
— Пусьціце, няўмека… Я ўжо пайду дахаты…
Ён праводзіў яе, поўны вострага захапленьня — ён адчуваў сябе глыбока шчасьлівым, У сэрцы прыемна расквітала пачуцьцё бязьмежнай адданасьці гэтай чароўнай дзяўчыне. Ён гатоў быў так пакахаць яе, як яна гаварыла.
Дарогай усплыло было на думкі тое, што павінна адбыцца ўраньні, і стала страшэнна прыкра. Тады ён рашыў расказаць ёй аб тым, што было на вёсцы, што надумалі зрабіць узбушлаваныя сяляне. Яна спачатку слухала зусім няўважна, а потым зацікавілася, пачала сама ўсё падрабязна распытваць. Потым падзяквала. Лясьніцкага неяк балюча