Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вянкі вышлі страшныя, нязграбныя. Раіса паказала яму, наіўна спытала:

— Ці можна такія пускаць?

У яе голасе гучэлі ноткі любай дзяцінай няўпэўненасьці, яна нібы крыўдавала на самую сябе, што ня можа лепей зрабіць, што такая яна няўмека. Лясьніцкі ў знак сваёй аўторытэтнай ухвалы пацалаваў па некалькі раз кожную яе руку, за што яна з сьмехам надзела на галаву яму абодвы вянкі.

Па добра знаёмай Лясьніцкаму сьцежцы яны спусьціліся ў чорную процьму абрыва. Там глуха, нездаволена хлюпала вада, быццам сварылася на іх за несваячасныя жарты. Ад Дняпра веяла халоднай няпрытульнасьцю, глуха-затоенай здосьцю. І ад таго, што была навакол такая цёмная жудасьць, ад таго, што Дняпро бурчэў пагрозна і гнеўна, — згінуў раптам у абоіх жартлівы настрой, працяліся абое глыбокай, трывожнай сур‘ёзнасьцю. Калі Лясьніцкі запаліў сьвечкі і зірнуў на асьветлены дрыжачым сьвятлом твар Раісы, ён зьдзівіўся выразу яго. Яе вочы былі цяпер глыбокія і зусім чорныя, у іх было нешта далёкае, балючае, нешта ахінутае жудаснай трывогай.

Раіса заўважыла, што ён глядзіць на яе, нібы схапянулася і засьпяшыла яго:

— Давайце хутчэй…

Ён даў ёй вянкі.

— Пускайце разам. Загадайце на каго-небудзь. Калі сыйдуцца, значыць… і вы сыйдзёцеся, а калі разыйдуцца, значыць…

Яна пусьціла вянкі на ваду. Лясьніцкі заўважыў, што ў яе дрыжэлі рукі. Ён зьдзівіўся.

„Няўжо яна сапраўды верыці, гэтым варожбам?“

І мімаволі самаго агарнула нейкая ліпучая жудасьць, сам пачаў з шчырай трывогай сачыць за вянкамі.

Вянкі адплылі на аршын ад берагу і раптам — ці то затым, што былі зьвіты няўдала, ці мо‘ свечкі былі няўдала прывязаны, — але неяк разам, у адзін момант абодвы аганькі пагасьлі.