яе праз цёмны натоўп хмурых дрэў, расхінаючы вольнай рукой вецьце кустоў, якія трапляліся па дарозе. Часамі ён спыняўся, нібы затым, каб разгледзець дарогу, — тады моўчкі браў руку яе і цалаваў з глыбокай пяшчотай, і сам ціха сьмяяўся, поўны нейкай дзіўнай радасьці й шчасьця.
Яны вышлі на бераг Дняпра ў самым канцы леса, адкуль быў зусім выяўна чуваць гоман і сьмех вясковае моладзі. Лясьніцкі адразу ніяк ня мог разабраць, дзе сабралася моладзь, пакуль ня бліснуў агоньчык на палянцы, між Дняпром і вясковымі гумнамі.
Так. Тут зьбіраюцца блізка што кожнае лета.
Яны выбралі мясьцінку і селі над самай кручай Дняпра, заплыўшай чорнай, як дзёгаць, цямнотай.
Ну, цяпер раскажэце што-небудзь. Скажэце, што яны будуць там рабіць?
— Раскладуць агні, будуць пець, вадзіць карагоды, скакаць праз агонь. Потым пачнуць варажыць, пускаць вянкі на ваду… Вось, слухайце…
Там запелі працяжліва-звонкую песьню, якая асабліва падабалася Лясьніцкаму. У гэтай песьні неяк трагічна перапляталася радасьць з смуткам — быццам нехта сьмяяўся скрозь слёзы, або плакаў ад нязвыклае, занадта вялікае радасьці. Асабліва падабаліся Лясьніцкаму канчаткі песьні — такія халодныя, гонкія, як восенскі вецер, і разам з тым шчымліва-радасныя. Лясьніцкаму ад іх чамусьці ўспаміналася дзяцінства. Успаміналася, як у халодным восенскім полі капалі бульбу, як ужо ўвечары, калі марозна барвянілася зара на захадзе, бацька накладаў мяшкі на калёсы, а ён скакаў навакол, рады, што зараз паедуць удвор, і ён добра-добра адагрэецца на гарачай печы.
Лясьніцкі расказаў пра гэта Раісе і вельмі зьдзівіўся, калі яна зразумела яго.
— Так, у гэтай песьні чуваць нейкі бязьмежны холад і цёплая надзея на саграваньне. Мне тож падабаецца гэтая песьня.
Яны моўчкі слухалі, пакуль не заціх апошні акорд. Потым ён пачаў гаварыць аб народных песьнях, абрадах, аб