Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зазыўныя песьні дзяўчат падганялі Лясьніцкага. У лесе ўжо густа расплыўся змрок, апрануў у цёмна-шэрае ціхія постаці дрэў, пусьціў наўкола чорныя цені таемнасьці. Лясьніцкі сьпяшаўся — баяўся, каб не спазьніцца. Яго затрымаў быў Андрэй, ён ледзь адарваўся ад бесканцовых гутарак, спрэчак, у якіх прайшоў блізка што цэлы дзень. Ён не сказаў, куды ён пойдзе — ого, каб сказаў! Па Андрэеву гэта-ж напэўна — злачынства, гэта — здрада; паны-ж — ворагі, з імі трэба змагацца. Значыць, і паненка Раіса — тож вораг. Заўтра вёска пойдзе адбіраць у яе сенажаць, і ён сам можа пойдзе, бо нельга паўстаць супроць цэлае вёскі. А сягодня ён з ёй сустрэнецца, будзе гаварыць, як з прыяцелем нават ня скажа, што будзе заўтра. Значыць, і тут — таксама здрада.

А можа сказаць ёй аб усім, што было сёньня на вёсцы?

Андрэй казаў, што нібы ён, Лясьніцкі, на сходзе абараняў багатыроў, вёў іхную лінію. Гэта ён наўмысьля. Ён вялікі дэмагог, гэты Андрэй. Ён умее весьці за сабой людзей, умее граць на самых тонкіх струнах іх псыхікі. Ён нейкі д‘ябал, чорны гэні руйнаваньня.

Але што яму тут трэба? Чаго ён хоча тут дасягнуць? Чаго ён прыехаў сюды?

Страшны ён чалавек, гэты Андрэй. І няўжо гэта ўсе такія бальшавікі? Чаго яны хочуць, чаго дамагаюцца?

Лясьніцкі добра праслухаў быў сёньня словы Андрэя. І потым многа яны гаварылі ўдвух. Андрэй чаруе сваёй прастатой, прастатой програмы свае, сваіх дамаганьняў. А Лясьніцкі таму й баіцца ўсяго гэтага, што яно занадта проста — да дзікасьці проста, да недарэчнасьці. Лясьніцкаму прастата гэта здаецца дэмагогіяй, ён ёй ня верыць, ён чуе тут нейкі ліхамысны падкоп. О, ён не паддасца гэтай спакусе, ён будзе цьвёрда трымаць сваю лінію!

Пры думцы аб „лініі“ Лясьніцкага ахапляе няпрыемнае замяшаньне. Лініі якраз і няма, лініі ён не знайшоў. Яшчэ да гэтага часу пануе ў сьвядомасьці глухая няўцямнасьць — невядома, куды падацца, за што ўхапіцца. Паслаліся перад