Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тэй травою, што ў балоце,
Ой, рана на Йвана.
Тым асотам, што ў гародзе,
Ой, рана на Йвана…

Ну дзе-ж там ня пойдзе хто, калі так настойна зьвіняць дзявочыя галасы, калі так моцна вабяць яны сваім глыбокім, як зорнае неба, лірызмам і сьвежасьцю, калі абяцаюць яны, што сягодня ў мяккім змроку начы, разбаўленым барвістым сьветам агней, адбудзецца вясёлае набажэнства, у якім малельнымі гімнамі будуць дзявочыя сьвежыя песьні, у якім замест пакутнае скрухі будзе радасьць і сьмех, будзе шырокі размах маладосьці. Купала — гэта-ж такое любае бязбожнае сьвята, у ім так многа дзікай поэзіі, у ім з паганскай вольнасьцю разгортваецца чалавечая істота, шукае волі і радасьці, хоча зьліцца з чароўным сонечным богам — Прыродай, бо гэты бог — сама воля і радасьць.

А колькі поэзіі ў гэтых наіўных варожбах, у ахінутым палахлівай тайнасьцю шуканьні кветкі шчасьця, якая таму й вабіць да сябе, што ніколі не знаходзіцца. У гэтых варожбах цудоўна ўваскрасае дзяцінства чалавечага роду, апавітае густой сеткай забабон і чараўніцтва, у гэтых варожбах уваскрасае першабытны чалавек — дзіця магутнага й страшнога дзіва — Прыроды.

Час уважліва й шчыра перагледзеў спадчыну даўных вякоў, зрабіў у ёй свае глыбокія няўхільныя зьмены. І цяпер усе гэтыя фантастычныя дзівы-варожбы толькі наіўная казка, поўная сваеасаблівае поэзіі, поўная радасьці жыцьця, ружовых сьмелых надзей і каханьня.

Дзяўчаты заклікалі на Купальскае сьвята. У гэту ноч ніхто з моладзі не павінен спаць — пойдуць усе ў жыты або на бераг Дняпра, там загарацца зырка агні — будуць карагоды і скокі, будуць сакавітыя песьні і малады сярэбраны сьмех. І там, у ціхім змроку начы, так радасна будзе кахаць такімі любымі стануць дзяўчаты, і пацалункі будуць саладзей за мёду, гарачэй за агня.

Бо сягоньня Купала — любае, вясёлае, бязбожнае сьвята.