нямі, усе апавядалі адзін аднаму пра новыя цікавыя падзеі. А потым знайшлі вясёлую забаву: пачалі дражніцца з гаспадыняй. На сьцяне вісеў царскі портрэт — яны перакручвалі яго дагары нагамі і клікалі за чым-небудзь гаспадыню. Маленькая істэрычная мяшчанка — багамольная і дабрачынная — з пенай на вуснах лаяла хлопцаў і папраўляла портрэт. А хлопцы моўчкі чакалі, пакуль яна выйдзе і з дружным рогатам браліся зноў за портрэт, зноў перакручвалі і зноў яе клікалі. Пасьля чацьвертага разу гаспадыня, нарэшце, даўмілася вынесьці з пакою портрэт, але лаяцца не пакінула — з кухні доўга яшчэ чуваць быў яе прарэзьліва-вісклівы голас.
Вясёлая кампанія адказвала на лаянку выбухамі гульлівага сьмеху.
УВЕЧАРЫ хлопцы сыйшліся на кватэры ў Лясьніцкага. Спачатку дражніліся з Нінай — гаспадарскай дачкой. Іначай ня можна з ёй, як не дражніцца. Так павялося даўно і ўвайшло ў абыкласьць.
Ніна наогул дзяўчына ня дрэнная. У яе дужа добрыя, троху хітраватыя вочы і дабрадушная ўсьмешка. Першае ўражаньне ад яе — ат, просьценькая дзяўчынка, ня вельмі разумная, але й ня дурная, будзе некаму некалі здатная жонка. Так тады ўсе і лічылі яе. Любілі з ёй часам пажартаваць, падражніцца, а сур‘ёзна гутарыць з ёй не маглі, ці ня ўмелі — прынамсі ніхто ня ўмудрыўся. Казалі, нібы закахалася была яна ў Халіму. Над гэтым многа сьмяяліся. Наогул, у той час усё на сьмешкі прымалі: хлопцам было па якіх дваццаць ці меней гадоў — ня было ў іх дужа сур‘ёзнасьці.
У пакоі ў Лясьніцкага было цесна. Сядзелі ўсе грудам на ложку, а хто на ляжанцы. Але была ў гэтым пакоі асаблівая такая халасьцяцкая прытульнасьць, якая ўзьнімала ўва ўсіх пачуцьцё таварыскай блізкасьці, рабіла ўсіх прыемнымі адзін аднаму.