Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Андрэй адказаў тож сур‘ёзна, нават без свае звычайнае ўсьмешкі:

— Вось табе пакажуць яшчэ і будучыню, і культуру і што толькі хочаш… Пачакай!..

Потым працягнуў задуменна:

— Затока, хм…

І задумаўся. Лясьніцкаму здалося, што ён нешта сам з сабой рахуе, нешта падлічвае. Ён яму не перашкаджаў, моўчкі сачыў за рухамі яго твару. Твар гэты быў сур‘ёзны цяпер і глыбокі, нават звычайная мяккасьць яго неяк разьвеялася, агаліла цьвёрдую сілу буйных энэргічных рысаў.

Раптам Андрэй лэпнуў Лясьніцкага па плячу і праказаў поўным вясёлай надзеі голасам:

— Нічога, Васіль, не прападзём!.. Ускаланецца затока, і хвалі пойдуць… Ды яшчэ якія хвалі — ого!.. Многа чаго пазьмятаюць яны, многа чаго пазальлюць… Нічога, Васіль, пажывём — убачым.

Потым ён чамусьці нахіліўся бліжэй да Лясьніцкага і пачаў амаль-што шопатам пералічаць з нейкай дзіўнай зларадаснасьцю:

— У Пракудзіне сяляне высеклі дзесяць дзесяцін панскага лесу і забілі двух стражнікаў… У Хадулёх сяляне самавольна падзялілі панскую зямлю і спалілі панскія сьвірны… У Аўсянішчы сяляне, абураныя жывадзёрствам памешчыцы, спалілі да-шчэнту маёнтак і разабралі ўсё панскае збожжа, Спалены маёнткі Шчамялёва, Гонкі, Лісічына, Лавы… Пачынаецца, Васілёк, чуеш, га?..

І ён закаціўся сваім мэталічным рогатам. Лясьніцкаму не па сабе неяк стала.

— Слухай, Андрэй, гэта-ж анархія? Гэта-ж пагібель наша? Гэта-ж пагібель рэволюцыі, свабоды, пагібель усяго, што мы да гэтага часу прыдбалі…

Андрэй зноў стаў сур‘ёзны.

— Аці ведаеш ты, Васіль, што значыць анархія? Ці ведаеш ты, што анархія — гэта й ёсьць рэволюцыя, што толькі з анархіі, толькі з непарадку, з разбурэньня ўсіх законаў і норм можа