Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Бязногі?

— Так…

— Гэта наш выбарны, езьдзіў у горад па грамадзкіх справах…

— Я ведаю, ён усё расказаў мне па дарозе. Нічога ня вышла там у яго. Прыехаў злосны, як воўк — чыстым бальшавіком зрабіўся, ха-ха…

Сьмех у Андрэя астаўся такі, як і быў — мэталічны, рэзкі. І тая-ж таемная ўсьмешка блукала на вуснах. Але Лясьніцкаму чамусьці ён цяпер здаўся асабліва сымпатычным. Лясьніцкі шчыра ўзрадваўся гэтай сустрэчы — быццам убачыў некага блізкага, роднага. І ён з цёплым, чыста сваяцкім пачуцьцём любаваўся дужай фігурай Андрэя, яго буйным, выразна і разам з тым мякка акрэсьленым тварам.

Андрэй за гэты час многа пасталеў, набыў больш сур‘ёзнасьці і глыбіні. Ад яго цяпер яшчэ шырэй веяла той мяккай сілай, той ласкавай мужнасьцю, якую заўважыў у ім Лясьніцкі раней.

Андрэй прывёз Лясьніцкаму подых сумятлівага гораду. Дасюль ён ні разу і ня ўспомніў пра горад — так далёка-далёка быў ён астаўся. А цяпер раптам пачуў яго, убачыў у таемнай усьмешцы Андрэевай, у яго хітравата-шчырых вачох. І закарцела ўзнаць, што там, у горадзе, робіцца, якой сумятнёй поўніцца ліхаманкавы вір гарадзкога жыцьця. На яго запытаньне Андрэй адказаў троху падумаўшы:

— Добра ўсё ў горадзе, лепш і ня трэба. У стаўцы зьбіраюцца крумкачы, пачынаецца чорны паход. Прыяжджае часта Керэнскі — заваёўвае букеты і жаночыя сэрцы. Ён дужа спрытна пяе арыю з опэры „Вайна да пабеды“ і яму пляскаюць у ладкі… Ну, што-ж яшчэ… Цкуюць бальшавікоў, ціснуць рабочых, абяцаюць устаноўчы сойм і розныя палёгкі. Расьце галадоўля, масы галеюць… Словам — рэволюцыя разбухае. Чым горш — тым лепш, ха-ха… Разумееш?

— Ня зусім. Ты-ж ведаеш, я тут далёка адстаў ад апошніх падзей. А ты яшчэ гаворыш нейкімі загадкамі…