Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я ўжо ведаю добра — аб гэтым вы ня турбуйцеся… Ці-ж мне ўпяршыню? Нешта помню, паслалі былі мяне хлопцы — свая братва, салдаты — да самага енерал-енфантэра графа Пясоцкага — была скарга на несправядлівасьці розныя… Я прыходжу, дапускаюць мяне… Так і так, ваша высокаправасхадзіцельства…

Яго сяляне не перабівалі. Сёньня з павагай прыслухоўваліся да кожнага яго слова, мякка і далікатна яму падтаквалі. Ведама — чалавек „абчэсьцьвены“, на вялікую справу едзе.

А тыя, хто йшоў зводдаль, каму ня выпаў гонар весьці тутарку з Аксэнтам, — тыя ўстаўлялі няўцямна вочы ў зямлю, задзіралі ў глыбокадумнасьці бровы, моршчылі лбы і задуменва цягнулі:

— Хм… Хто яго ведае… А можа што-небудзь і выйдзе…

На паром узышлі толькі чалавек з пяць — самыя заводцы — рэшта асталіся на беразе: крычалі нешта, некаторыя кідалі шапкі ўгару, а потым пайшлі гаварлівым натоўпам назад на вёску.

Сярод тых, якія праводзілі цераз раку, быў і Лясьніцкі. Увесь час ён маўчаў, толькі ўжо разьвітваючыся, калі дружна, пасяброўску сьціснулі адзін аднаму рукі, сказаў Аксэнту:

— Калі што — бі тэлеграму…

Гэта Аксэнту ўпадабалася. Ён многазначна кіўнуў галавой, быццам хацеў сказаць:

— Гэта само сабой, я ўжо ведаю… А яны — от, хай пагамоняць… Цёмны народ…

І пайшоў, пакавыляў памалу Аксэнта — падаўся шукаць для вёскі праўды і справядлівасьці.

Сяляне моўчкі пагналі назад паром. Чамусьці астаўся ўва ўсіх на душы ціхі смутак, быццам выправіў кожны свайго некага блізкага. Можа і таму яшчэ смутак гэты зьявіўся, што надвор‘е было смуткам прасычана. Надвор‘е было шэрае, цьмянае, і над Дняпром, нёсься чужы, няласкавы вецер. Здавалася, што прылятаў ён аднекуль з далёкіх краёў, з самай тэй халодна захмаранай далечы і — працавіты, сур‘-