Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ціху ты, — зморшчыўся ад болю Лясьніцкі. — Куды разагнаўся?

— Пойдзем хадзіць… Ты што робіш?

— Нічога.

— Я таксама… У кляс хадзіў?

— Дзе там!..

— І я… Ну, хадзем!..

Яны вышлі на Дняпроўскі проспэкт. Здавалася, што тут цяпер стоўпіўся ўвесь узрушаны горад і мятушыцца ў чаканьні нечага яшчэ яскравейшага, яшчэ цікавейшага, чымся было дагэтуль. Сярод агульнае цьмянае масы людзей на кожным кроку праразаліся бліскучыя постаці афіцэраў. Гэтыя ішлі ў большасьці шпарка, пасьпешна,быццам ім дужа некалі, быццам ідуць яны ў пэўнае месца, па пэўнай справе, быццам яны дык зусім добра ведаюць, у чым тут штука, чаго можна чакаць ад разьвіцьця далейшых падзей. А калі трапляўся дзе генэрал, дык яго важны напышаны твар выяўляў такую дзяржаўную мудрасьць і заклапочанасьць, што кожны сустрэчны ўпінаў у яго, як у нейкае дзіва, поўны страшэннай павагі погляд і пэўна сам сабе думаў:

„О, гэты ведае ўсё… Гэты — адтуль, мусіць, з самае стаўкі…“

Генэралам усе шырока давалі дарогу.

Абкружаныя нэрвовай сумятнёй гаварлівага натоўпу хлопцы дайшлі да канца проспэкту, дзе ў губарнатарскіх палацах зьмяшчалася царская стаўка. Там, як і раней, стаяла ўсё ў строгім спакоі, як і раней, не дазвалялі зьбірацца вялікімі гурмамі, далікатна прасілі ісьці сваёй дарогай. Стаялі салдаты-вартаўнікі, мільгалі сям-там дужыя фігуры асабовае царскае варты. Але чамусьці здавалася, што гэты парадак, гэты спакой толькі надворны, а там, унутры, пэўна бурліць усё-чыста, б‘ецца ў сударгах вострай трывогі.

Халіма зьвярнуў увагу на двух цывільных, што круціліся недалёчка ад іх, — абодвы такія вяртлявыя, юркія.

— Бачыш… шпігі… Тут заўсёды іх поўна… Чуць што прымеціць — зараз на манжэту…