толькі судом. Калі-ж Аксэнта загаварыў пра заслугі на франтах, а Лявон прагамзіў нешта няяснае пра „свабоду“, дык ім прачыталі лекцыю аб барацьбе з анархіяй, аб грамадзянскай дысцыпліне і высокай волі ўстаноўчага сойму, на што яны вымушаны былі адказваць туманнымі словамі, якія, аднак, яскрава выяўлялі іх поўную лёйяльнасьць — як напрыклад:
— Вядома… Ну хто-ж там што… Гэта само сабой… Ну, дык а як-жа… і інш.
На вёсцы зноў іх чакалі з турботнай нецярплівасьцю, зноў па тварах убачылі, што справа дрэнь, зноў выпытвалі ўсё да каліва. Потым лаяліся і пачыналі сталы абгавор справы. Гаварылі, спрачаліся аж да самага вечара, а ўвечары сабраліся зноў у Лясьніцкага ды зноў спрачаліся. Гаварыла ўся вёска аб адным, бабы паднялі гармідар большы яшчэ, як мужчыны, нават падшпаркі малыя і тыя сярод гульні-забавы раптам дзяліліся салодкімі марамі:
— Сьцёпка! А як наша лука будзе — во будзе добра!.. Тады і смуродзіна будзе наша — ніхто ня будзе ганяць, хоць і луг будзем таптаць — ведама, свой…
І вось у выніку гэтых гарачых абгавораў і спрэчак прынята была такая пастанова:
Ехаць Аксэнту, не марудзячы, у губэрню, знайсьці таго п‘янчужку, купіць яму кварту ханжы — іняхай выручае. Адначасна праслухаць добра ў горадзе, што чуваць пра вайну, пра парадкі, ці астануцца паны, ці будзе якая прыбаўка зямлі і г. д. Патрэбныя на дарогу і на справу сродкі сабраць з усіх жыхароў вёскі.
І ляглі спаць у той вечар сяляне ўсё-ткі з цьвёрдай надзеяй на посьпех свае справядлівае справы.
АКСЭНТУ праводзілі да перавозу амаль што ўсёй вёскай. Ён ішоў сярод натоўпу з выглядам чалавека, які адважыўся на вельмі небясьпечны і вялікі ўчынак, і з самадавольнай важнасьцю, у якой чувалася нотка некаторай паблажкі, адказваў на бесканцовыя перасьцярогі і парады вяскоўцаў: