Перайсці да зместу

Старонка:Сьцежкі-дарожкі (1928).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ваявалі… свабода… буржуі… зямля… бальшавікі… здраднікі… Керэнскі.

Лясьніцкі з нэрвовай напружнасьцю лавіў Рыгоравы словы, стараўся знайсьці іх сэнс. Яму здавалася, што ў тых словах ёсьць нешта нядобрае ў адносінах да яго; ён інстынктыўна чуў, што Рыгор супроць яго чамусьці абуран. Яму было ад гэтага няпрыемна і крыўдна.

Троху ўгамаваўшыся, сяляне пачалі стала абгаварваць, як што рабіць, з чаго пачынаць, якія ўжываць спосабы каб-ткі дасягнуць справядлівасьці, каб адваяваць сваю законную сенажаць. Сышліся ўсе на тым, каб перш-на-перш схадзіў хто да пана: можа той самохаць аддасьць ім луку, можа ў ім прачнецца ўсё-ткі сумленьне.

Выбралі йсьці Аксэнту, Лявона й Лясьніцкага. Лясьніцкага папрасілі неяк глуха, няўпэўнена.

— Хоць ты й па-свойму гаворыш, ня згодзен з намі, старымі… Але-б добра, каб ты схадзіў… пагаварыць, ці што… усё граматны чалавек ня тое, што цёмны…

Лясьніцкі згадзіўся. Нават давольны быў, што сяляне ўсё-ткі яму давяраюць, пасылаюць сваім прадстаўніком.

А ўнутры ўжо сам сабой, міма сьвядомасьці, выплыў вобраз паненкі Раісы, ветла ўсьміхнуўся яскравым сваім хараством.

„Можа ўбачу як-небудзь…“

Сяляне разышліся здаволеныя, поўныя ружовых надзей. Лясьніцкі вышаў за імі на вуліцу і сеў на прызьбе, каб прасьвяжыцца троху ад хатняй духаты. Але й на дварэ было мала чым халадней. Укрытая шчытнымі хмарамі ноч проста млела ў густой цяплыні. Нават ціхенькі ветрык, што патыхаў часамі аднекуль з палёў, і той не даваў — быў ён нібы нагрэты і парны.

„Надвор‘е зьменіцца“ — падумаў Лясьніцкі.

Ляпнулі дзьверы. На вуліцу вышаў бацька. Ціхенька падышоў, намацаў сабе месца і сеў поплеч з ім на прызьбе. Ён у белай сарочцы, у белых штанах. Ён сядзіць нярухома, а ў цемры здаецца, што шэрая пляма яго сарочкі няўпынна віхаецца, быццам ён то адхінецца, то зноў прысунецца бліжэй.