Да Лясьніцкага бокам прысунулася нейкая баба, закручаная ў нязьлічонае мноства адзежын і хустак, і прагамзіла з-пад пасінелага носу:
— Панічок! Аб чым гэта пішацца… Га? Што?.. Дрэнна чую я…
Лясьніцкі крыкнуў у падстаўленае вуха:
— Цара скінулі… Няма ўжо цара ў нас…
Старая глядзела колькі хвілін нярухомым поглядам некуды міма Лясьніцкага, перабірала сухімі вуснамі.
— Цара… скінулі… А хто-ж царом цяпер?..
— Ніхто! Няма зусім цара! — зноў крыкнуў Лясьніцкі…
— Няма…
І старая, адвярнуўшыся ад Лясьніцкага з недаверлівай мінай на твары, папаўзла чарапахай па вуліцы. Пэўна, ня ўцяміла, не разьдзяўбала старой галавой, у чым тут усё-ткі справа.
Лясьніцкі глядзеў ёй усьлед і сьмяяўся. Перавёў потым усьмешку на твар суседа, але сустрэў сівую бараду, кукарду, гузікі і напышліва-сур‘ёзную міну.
— Малады чалавек, нельга над гэтым сьмяяцца… Цар — божы памазанік, і ня нам судзіць аб яго высокіх учынках…
У Лясьніцкага ў сэрцы закіпеў юнацкі задзёр. Хацеў адказаць нешта гарэзнае, але, пакуль надумаўся, было позна. Стары чыноўнік, навучальна кіўнуўшы яму галавой, ужо адвярнуўся і гаварыў з высокай соліднай дамай. На Лясьніцкага з пагардлівай паблажкай зірнула колькі чалавек і сярод іх адна гімназістка. Пачырванеўшы ад нечаканага сораму, ён пасьпешна пакінуў гэтую купку людзей.
Праз колькі крокаў ён упёрся ў Халіму. Той раптам стаў яму на дарозе і прагудзеў сваім нутраным — глухаватым, але моцным голасам:
— Васілю… Шанаваньне…
Халіма ціснуў руку з асаблівым фасонам — адрывіста неяк і аднэй толькі пясьцю свае медзьвядзёвае лапы. Быццам гэта пясьць яго недзе там цісьне, а ён і ня ведае, ён ня цікавіцца гэтым. Таму заўсёды выходзіла, што ад яго поціску ўсе раптоўна прысядалі і крывіліся.