справа была простая. Запісалі, што Шы-Ку-Цзян зрабіў самагубства, — і на тым справа скончылася.
Аднак заставаўся яшчэ адзін клопат для Бай-Цзы. Куды дзець гэтага мерцьвяка? Хто павінен клапаціцца, каб пахаваць яго?
— І навошта мне ўсё гэта здалося? — злаваў Бай-Цзы, — вось ня было клопату!
Тымчасам у цясьніне жыцьцё ішло сваім парадкам. Людзі поркаліся ля сваіх нораў і нічога ня ведалі. Толькі Шы-Ку-Ан з маткаю трывожыліся, што бацька так рана і няпрыметна зьнік, але ім нічога не заставалася, як толькі чакаць.
І вось неспадзявана наверсе зашуршэла, потым у паветры мільганула нешта цёмнае і, нарэшце, сярод людзей грукнулася цела Шы-Ку-Цзяна. Разам з гэтым зьверху данёсься голас:
— Хавайце сабе свайго сябра!
Кінуліся да яго жонка і сын, атачылі людзі. Угледзеўшы рану, адразу здагадаліся, у чым справа, бо падобная сьмерць у Кітаі ня дзіва.
Дзяды паківалі галовамі, уздыхнулі і сказалі:
— Бядак Шы-Ку-Цзян. Адышоў на той сьвет. Але-ж затое загінуў слаўнаю сьмерцю. Прынамсі адпомсьціўся гэтаму праклятаму Бай-Цзы.
41