Хай бароніць цябе неба! Ня дай загінуць бязьвінным людзям.
Салдаты зірнулі адзін на аднаго і сьціснулі кулакі. Здавалася, што вось-вось яны кінуцца на кітайца. Тымчасам павылазілі другія кітайцы і паступова згрудзіліся на дарозе.
Мандарын зірнуў на салдат.
— Вы гэта зрабілі? — запытаўся ён.
Тыя маўчалі.
— Нядобра вы робіце! — з дакорам сказаў мандарын; — сорамна харобраму войску крыўдзіць мірных людзей. Перад вамі стаіць больш важная задача: замірэньне ўсяго Кітаю, якому пагражаюць рэволюцыянэры. А вы, дзеці мае, — зьвярнуўся ён да народу, — пацярпеце крыху. Я шчыра спачуваю вам, але хто з нас цяпер ня церпіць? Вы-ж ведаеце, што паўсталі паўднёвыя бандыты, што яны пагражаюць разбурыць усю нашу бацькаўшчыну. Гэтыя салдаты бароняць і вас і за вас аддаюць сваё жыцьцё. Яны церпяць, пацярпеце і вы. Памятайце, што казалі нашыя старадаўныя мудрацы: лепш страціць пяць пальцаў на руцэ, чымся цярплівасьць і спакой духу. Калі адзін раз вы накармілі салдат, дык затое набылі спакой душы.
— О, вялікі пан, хай неба прадоўжыць твае дні! — застагнаў кітаец: — гэта-ж не адзін раз. Яны заўсёды рабуюць нас, ці трэба, ці
32