індыйскім сонцам. Нават травы няма і вол ледзь падтрымліваецца лісьцем з дрэў.
Перад жыхарствам ужо лунае жудасная здань голаду, які абавязкова вядзе за сабой і чуму. А гэтыя два сябры часта ў працягу некалькіх тыдняў уносяць столькі народу, колькі ёсьць ва ўсёй іншай дзяржаве, як Бэльгія, Норвэгія і шмат іншых.
Асан вышаў на дзядзінец, падышоў пад страху, чамусьці пакратаў свой „плуг“ — корч з двума канцамі, карацейшым (лямех) і даўжэйшым (аглабля), зірнуў на барану з гальля, пагладзіў па шыі свайго вала. Калі дадаць да гэтага хату, абы як складзеную з каменьня, з земляной стольлю, бяз даху, — дык гэта і будзе ўся гаспадарка Асана. А поле? Лепш аб ім і не казаць. Гэты камяністы кавалачак у нас і за зямлю ня лічыўся-б.
Адна надзея толькі на „сад“, які складаўся з двух мангавых дрэў ды аднаго так званага „гарбузнага“ дрэва. На іх яшчэ было некалькі пладоў. Ды „гарод“ пад імі меў некалькі бабоў ды засохшых гуркоў. Але ўсё гэта было нібы прысуджанае на сьмерць, блядое ад пылу.
І ўся вёска была нібы засуджанай. Паўголыя людзі ў штанох і цюрбанох[1] ледзь рухаліся па сонцапёку ды пазіралі на неба, прагнучы дажджу.
- ↑ Цюрбан — кавалак матэрыі, абкручаны вакол галавы.
17