пад’ехаў блізка і гукнуў, яны ўсё яшчэ не маглі даць веры, што гэты чалавек у дзіўным убраньні ёсьць Манг. Ды яшчэ з ім нязвычайная дзяўчына.
Як-бы там ні было, а калі ён зусім пад’ехаў і вылез на бераг, прышлося пераканацца, што гэта іх Манг. З неўразуменьнем і нейкай баязьню падышлі крэўныя да Манга, увесь час пазіраючы на лодку, дзе сядзела дзяўчына, якая баялася вылезьці на бераг.
Пачаліся пытаньні, што і як адбылося за гэты час. Манг расказаў аб сваіх прыгодах, з горам пачуў аб сьмерці свайго браціка.
— А навошта табе гэта? — сказаў нарэшце бацька, паказваючы на дзяўчыну ў чаўне. Што ты з ёй будзеш рабіць?
— Ня ведаю, — адказаў сын. — Трэ’ будзе як-небудзь перадаць яе белым.
Стары паківаў галавой.
— Нам самым няма чаго есьці, а тут яшчэ з ёю важдайся, — незадаволена сказаў ён.
— А як-жа-ж было рабіць? — апраўдваўся сын: — Няўжо-ж трэ’ было даць загінуць або кінуць у мора?
— А хоць-бы і так! — адказаў Тойдо: — Што нам да іх?
Кос стаяў побач, скоса пазіраў на прыежджую і, відаць, згаджаўся з Тойдо.
А міс Грэт сядзела ў чаўне і чакала вырашэньня свайго лёсу. Яна бачыла, што гутарка ідзе аб ёй, і была ўпэўнена, што нарада ідзе аб тым, якім спосабам яе забіць і зьесьці.
— Дык вось дзеля чаго гэты дзікун стараўся выратаваць мяне? — з прыкрасьцю думала яна, пільна сочачы за Мангам. А разам з тым мімаволі зьяўлялася і надзея: а можа ён ня дасьць?
88