Перайсці да зместу

Старонка:Сын вады (1928).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але Манг паехаў далей. І зноў пачаліся крыкі, папрокі, сьлёзы, але Мангу ўсё гэта ўжо абрыдла, і ён ехаў сабе далей.

Пайшлі знаёмыя вуліцы, дамы, вось і вадаспад пыліцца, вось і „дзядзінец“, куды яны калісьці схаваліся ад кіцянят, так сама зьзяюць сьнегавыя верхавіны, — усе знаёмыя, мілыя сэрцу вобразы, усё прыгожае, прыемнае, прытульнае, як гэта здаецца кожнаму, хто пасьля доўгага расстаньня прыяжджае на радзіму.

А для яго спадарожніцы ўсё гэта здавалася мёртвым, дзікім, няпрытульным.

„Куды ён мяне вязе? — з маркотай думала яна. — Вось калі дзікун паказаў свой сапраўдны твар! Вось дзе прыдзецца мне загінуць!“

А тут якраз натрапілі на цэлую сям’ю дзікуноў у чаўне. Убачыўшы Манга ў капітанскім адзеньні і з ім белую жанчыну, дзікуны ад зьдзіўленьня так пачалі крычаць ды махаць рукамі, што дзяўчына канчаткова рашыла, што ёй прышоў канец.

Але пасьля перагавораў з імі Манг павярнуў налева і паехаў на ўсход, пакінуўшы дзікуноў з разьзяўленымі ратамі.

Чым далей ад’яжджалі ад акіяну, тым большыя і нізейшыя былі астравы. Пачала зьяўляцца трава, дрэвы. Там далей, на ўсходзе, ёсьць і лясы і лугі, але жыве тамака сільнае ваяўнічае племя „о́на“. Гэтыя о́на дужы, злы народ; яны здаўна ўжо выпхнулі мірных фуіджы на бясплодныя заходнія скалы і ня пускаюць іх назад.

Два дні ехалі на ўсход і на трэці дзень а поўдні ўбачылі два чаўны. Гэта былі Тойдо і Кос. І тутака яны разьмясьціліся нядрэнна. Бераг быў нявысокі, даступны і лясісты. Пад дрэвамі была пабудавана з гальля будка, праўда, нязграбная, але ўсё-ж такі будынак.

Уся колёнія замітусілася і нават занепакоілася, калі ўбачыла човен з нейкімі дзіўнымі людзьмі. Нават, калі Манг

 

87