Перайсці да зместу

Старонка:Сын вады (1928).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І сапраўды, пасьля гэтага яны ўжо ня бачылі страшыдла і амаль што забыліся аб ім.

— Я сказаў, што ахвяра дапаможа! — задаволена паўтараў Кос. Але гэта і так усім было ясна.

Спакойна спалі людзі на беразе, закапаўшыся ў свае скуры. Агонь пагас. Пачало сьвітаць. Наверсе ўжо стрэльнулі праменьні сонца, але тутака быў яшчэ змрок.

Вось ля берагу ў вадзе нешта заварушылася. Праз хвіліну з-пад вады высунулася нібы зьмяя, але без галавы. Мусіць таму яна папаўзла на бераг асьцярожна, няўпэўнена, нібы вобмацкам. Усё цела яе было пакрыта нейкімі нарастамі, якімі яна мацала тоё, да чаго дакраналася.

Вось яна абмацала голую нагу хлопчыка і зараз-жа абкруцілася вакол яе. Хлопчык праз сон ўздрыгануўся некалькі разоў, але не прачнуўся. А разам з гэтым з-пад вады выпаўзла на гэты раз ужо хутка і ўпэўнена другая зьмяя і абвінула другую нагу.

На гэты раз хлопчык прачнуўся і закрычаў. Паўскаквалі дарослыя і ўбачылі, што дзьве зьмяі цягнуць хлопчыка ў ваду. Ня доўга думаючы, Тойдо ўхапіў сякеру і перасек адну зьмяю.

Але ў гэты момант у вадзе нешта моцна плюхнулася, у паветры са сьвістам мільганула нібы пуга — і трэцяя зьмяя абкруцілася вакол шыі Тойдо. Спачатку ён пачуў, нібы яго апякло гарачае жалеза, а потым паступова пачало сьціскаць яго шыю.

— Кос! Рубі! — прахрыпеў Тойдо. Але Кос і бяз гэтага не драмаў. Мігам разрубіў ён гэтую зьмяю і думаў быў ужо ратаваць хлопчыка, як у паветры ўзьвілася чацьвертая зьмяя. Але ад яе пасьпелі адскочыць. Пакруціўшыся ў паветры, яна апусьцілася на хлопчыка. Абодвы мужчыны кінуліся дапамагаць, але…

 

79