Перайсці да зместу

Старонка:Сын вады (1928).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта думка ўсім спадабалася, асабліва жанчынам. Пачалі радзіцца, што паднесьці? Папершае, трэба было патрапіць, што ён любіць, а падругое, каб гэта было сапраўды нешта значнае, каштоўнае. Рыбу не запрапануеш, пінгвіна або качку — таксама, бо ён, як вадзяны, сам можа мець гэтае дабро. Значыцца, трэба нешта надзвычайнае, напрыклад, якую-небудзь земную жывёліну.

Назаўтрае Тойдо з Косам адправіліся на паляваньне. Яны пайшлі, або лепш сказаць, палезьлі тэю самаю дарогаю, што і раней, калі йшлі за палівам. Узьлезьлі на першую тэрасу, на другую; агледзелі той самы хмызьняк. З-пад ног выбегла жывёліна з пекнай сівой поўсьцю, падобная да вялікага пацука.

Мужчыны не зьвярнулі на яе ўвагі, лічачы яе нікчэмнай ахвярай. Але гэта „шыншыла“ дае каштоўную скуру, якая ў Эўропе цэніцца вельмі дорага. За адну шыншылавую хутру пані плацяць 25.000 рублёў.

Падняліся яшчэ на адну тэрасу, там ужо было больш вялікае плоскаўзвышша, пакрытае нібы мохам, нібы травою.

— Глянь, ці ня жывёлы якіясь там? — сказаў Тойдо, паказаўшы рукою далёка на ўсход.

Сапраўды, там ля скал рухалася некалькі чорных кропак. Калі падышлі бліжэй, убачылі некалькі жывёлін, нібы авечак. Толькі шыя ў іх была тонкая і доўгая ды морда вастрэйшая. Завецца гэта жывёліна альпага і цэніцца сваёй воўнай.

Відаць, іх тутака ніхто ніколі ня трывожыў, бо яны не палохаліся, не ўцякалі, а толькі зьдзіўлена глядзелі на людзей. Нашы паляўнічыя мелі пры сабе толькі сякеры ды кароткія дзіды. Аднак-жа падыйсьці блізка да альпагоў не ўдалося: заўважыўшы, што незнаёмыя двуногія жывёлы ідуць проста на іх, яны адбегліся далей. А схавацца на гэтым голым месцы, каб падкрасьціся зусім блізка, нельга было.

 

72