Яшчэ прайшоў дзень-другі. Аб здарэньні ня думалі. Але нарэшце і самім мужчынам прышлося пераканацца, што дзяўчаты не памыліліся.
Аднаго разу Тойдо і Кос паднялі галіну і ўбачылі ў вадзе нешта такое, ад чаго нават яны скамянелі.
На іх глядзела страшэнная галава, такая агідная і жудасная, што наш родны чорт, якога ўяўляе сабе цёмны народ, у параўнаньні з гэтым павінен быў-бы здавацца анёлам. Жудасьней-жа за ўсё былі вочы, вялічэзныя, пукатыя, нібы шкляныя. Яны сьвіціліся ў вадзе зеленаватым колерам і глядзелі ўпарта, ня міргаючы, з нейкім жудасным выразам. Невядома, ці знайшоўся-б у сьвеце чалавек, які не ўздрыгануўся-б ад гэтага погляду. А вакол галавы, заместа валасоў, варушыліся ціханька зьмеі.
Усё гэта мільганула перад мужчынамі на адзін толькі момант, бо яны адразу-ж выпусьцілі з рук галіну. Але ўражаньне было такое моцнае, што яны нават нічога не сказалі, а толькі хутка пачалі грабсьці да берагу.
— Што з вамі здарылася? — запыталіся зацікаўленыя жонкі.
— Чорт. Дзяўчаты праўду казалі, — прашапталі яны.
Пачалі радзіцца, што рабіць?
— Пакуль што ён нам ня шкодзіў, — выказаў сваю думку Кос: — Можа і надалей ня будзе чапаць?
— Гэтага мы ня можам ведаць, — сказаў Тойдо: — Але жыць побач з ім… з такім… Бррр!..
Задрыжэў і Кос. А дзяўчаты, дык тыя зусім гатовы былі самлець, калі пачалася аб гэтым гутарка. Матак таксама абхапіў жах, хоць яны пакуль што і ня бачылі нічога.
— У такім разе трэба было-б уміласьлівіць яго, — сказаў Кос, — прынесьці яму ахвяру.
71