Перайсці да зместу

Старонка:Сын вады (1928).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

можна будзе думаць, як даехаць да белых, асабліва, калі ён павязе да іх гэтую дзяўчыну.

Але справа была вельмі марудная. Як-ні-як зьвязаць жэрдкі ён пасьпеў праз два дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. А гэта была зусім іншая праца. Тоўстых дрэў ня было, прыходзілася сшываць маленькія кавалачкі кары, а яны былі тонкія, нямоцныя, разрываліся. Прыходзілася складваць у некалькі столак, латаць дзіркі, а потым латаць латы і г. д.

Дзяўчына ўжо ўразумела, якім чынам Манг хоча зрабіць човен, але, прыгледзеўшыся да гэткай працы, яна зусім страціла надзею, што з гэтага што-небудзь выйдзе.

Манг-жа не сумаваў, а ўсё ляпіў ды ляпіў кавалачкі. Тады і паненка пажадала дапамагчы. Манг вельмі абрадваўся.

— Добра, добра. Цяпер будзе хутка. Белая птушка, — добрая дзяўчына, — казаў ён.

Але зарана Манг парадаваўся: у „белай птушкі“ нічога ня выходзіла.

Аднак яна добра ведала, што ад гэтага таксама залежыла і яе жыцьцё і, сьцяўшы зубы, працавала далей. Праз некаторы час выявілася, што ў такой справе нават паненскія рукі могуць прынесьці карысьць.

Некалькі разоў ёй здавалася, што ўся гэта праца дарэмная, што нічога ня выйдзе, але кожны раз упэўнены выгляд Манга надаваў надзею.

Так цягнулася цэлых тры тыдні. Некалькі разоў зьмянялася надвор’е. Ізноў прышлося перажыць і вецер, і дождж, і буру. Сьветлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся (пасьля чаго Манг убачыў, што гэта быў ня колер скуры). Але здароўе яе захавалася, хоць яна і перайшла з панскага на дзікунскае жыцьцё.

 

63