Перайсці да зместу

Старонка:Сын вады (1928).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тады Манг парашыў ехаць да сваіх і потым ужо меркаваць усім разам. Пакуль яны прыехалі дадому, надышоў вечар. Прышлося адкласьці падарожжа назаўтра.

Калі назаўтрае прыехалі ўсе, ніякіх зьмен ня было. Войска стаяла таксама, нібы яно і ня краталася за ўвесь гэты час. Таксама частка пінгвінаў плавала ў вадзе, нібы тыя самыя, што і ўчора. У рэчавістасьці, зразумела, кожны раз былі іншыя.

Пачалі раіцца, што рабіць?

— Я адзін аб’еду навакол, ад мора, — прапанаваў Манг.

Але стары Кос не згадзіўся.

— Лепш будзе, — сказаў ён, — перацягнуць кану на той бок.

З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва, калі прыняць пад увагу лёгкасьць „шытых“ чаўноў. Павінен быў згадзіцца і Манг, хоць яму і вельмі хацелася паказаць сваё гэройства.

Праз некалькі хвілін чаўны былі ўжо на тым баку. Але не абышлося без няшчасьця: у чаўне Тойдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары ня было, каб залатаць. Пастаялі, паскраблі галаву і рашылі, пакуль што, так пакінуць, а цяпер узяцца за паляваньне.

Пінгвіны, між тым, зьдзіўлена глядзелі на нечаканых гасьцей і ня рухаліся з месца. Толькі, калі два чаўны пад’ехалі да іх і людзі высадзіліся на бераг, — пінгвіны пачалі паважна і нязграбна адыходзіць.

Пачалася бойка. „Салдаты“, здалёку меўшыя такі грозны выгляд, аказаліся зусім бездапаможнымі ў бойцы. Яны кінуліся ўцякаць у ваду, але якое гэта было ўцяканьне? Яны ледзь рухаліся на сваіх дзьвюх нагах, валіліся на зямлю, бездапаможна біліся ластамі-рукамі, куляліся. Жудасна было глядзець, як гінулі гэтыя бязьвінныя, бездапаможныя стварэньні. Вельмі лёгка было набіць іх, колькі ўлезе.

 

30