Нельга сказаць, каб спажывы засталося надта многа. Дно гэтага кутка нельга было лічыць дном мора. Яно знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Значыцца, яно не магло мець свайго сталага насельніцтва. Траплялі сюды толькі выпадковыя рыбкі. Але ўсё-ж такі і яе набралося столькі, што павінна было хапіць для ўсёй сям’і дні на два.
Адліў-жа цягнуўся далей. Вада на вуліцы апусьцілася яшчэ мэтраў на пяць, канец лодкі вытыркаўся над ёй у паветры, як балькон на другім паверсе дома. Новыя каменьні зьявіліся па сярэдзіне вуліцы, некаторыя завулкі зачыніліся.
Але наша сям’я зусім не зварачала ўвагі на гэтыя зьмены. Ці першы раз здаралася з імі такое? Дзеці, у тым ліку і Манг, першыя выкарысталі выпадак, каб пабыць на цьвёрдай зямлі. З якой прыемнасьцю яны распрасталі ногі, пачалі поўзаць па скалах! З няменшай ахвотай павылазілі і бацькі.
— Го-о! — пачуўся голас зьнізу.
Зірнулі, — Кос варочаецца.
— Як у вас? — запытаўся Кос, задраўшы ўгору галаву.
— На два дні рыбы знайшлі, — адказаў Тойдо: — А вы?
13