І дзеці Тойдо цешыліся, гледзячы на іх, крычалі, сьмяяліся, толькі самому Тойдо было не да сьмеху.
— Гэтыя блазны могуць нарабіць вялікай бяды, — сказаў ён і накіраваў лодку прэч ад раздурэўшых кіцянят.
Але тыя, угледзіўшы новую забаву, пачалі гнацца за лодкай, намерваючыся пагуляць з ёю. Справа рабілася ўжо небясьпечнай. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі, некалькі разоў ледзь ня стукнулі аб сьцяну. Вось адзін кіток апынуўся побач з лодкай і, быццам жадаючы паказаць сябе, кульнуўся так, што хвост ледзь не зачапіў лодкі. Яна хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчэлі.
— Налягай! — крыкнуў бацька сыну. Нават матка прыняла ўдзел, лёгкі човен ляцеў, як страла, але для кітоў гэта было пустой забавай. Яны не адставалі ні на крок і дурэлі так, нібы гэты човен быў для іх цацкай. На шчасьце, між двух дамоў знайшлася расчыненая брама, — праход між скал.
— Паварачвай! — закамандаваў Тойдо.
Манг мігам упёрся жардзінай у сьцяну, а бацька тымчасам хутка прасунуў човен у праход. Праз момант яны былі ўжо на „дзядзінцу“.
Кіты, відаць, зьдзівіліся такому хуткаму зьнікненьню цацкі і нават спыніліся на вуліцы ля брамы, але праціснуцца праз яе ім было немагчыма. Ды яны і ня думалі гэтага рабіць: пырснулі з сваіх насоў і ўжо бяз гульні паплылі далей.
На поўдзень ад Агнёвай Зямлі заўсёды было шмат кітоў. Зразумела, ня было недахопу і ў кіталовах. Але ўсё-ж такі іх было менш, чымся ў паўночных морах. Папершае, далёка было ехаць, а падругое, гэта частка акіяну лічыцца самай неспакойнай, самай бурнай ва ўсім сьвеце. Нямнога можна налічыць людзей, якія праехалі тутака бяз буры.
11