Ня дужа артыстых магло-б пахваліцца такім посьпехам, які спаткаў Манга. Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустэльнай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал і цясьнін.
А Манг стаяў пасярэдзіне, апусьціўшы рукі, неяк крыва ўсьміхаўся і ня ведаў, на што дзівіцца: ці на фацэтных людзей у нязвычайным адзеньні, ці на дзіўнае абсталяваньне, ці на страшную трубу з дымам, ці на ўздрыгі і грукат кану-зьвера, які ўжо пачаў рухацца наперад.
— Ахвярую капітану Мангу нестарчаючую частку адзеньня! — крыкнуў адзін вясёлы паніч і праз хвіліну прынёс яму… нагавіцы. Узьдзелі іх і зноў пакаціліся ад сьмеху. Сярод аднастайнай, нуднай дарогі гэта здарэньне прынясло людзям некалькі хвілін забавы. А потым забыліся і зноў пачалі нудзіцца.
Праз некалькі хвілін пратока апусьцела. Як і раней, варушылася вада, як і раней, моўчкі стаялі суровыя, чорныя скалы, як і раней ніякіх адзнак чалавека.
Толькі сярод вады сіратліва хістаўся кану. На сподзе яго курылася галавешка, побач валяліся скуры і тырчэла вясло з пікай.
У паветры праразьліва крыкнула чайка, пакружылася над чоўнам, некалькі разоў праляцела над ім так нізка, што нават дакранулася крылом, а потым спакойна ўселася на краі…
101
