з пэдагогічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падоляць гэту сваю слабасьць ён ня мог ніякім чынам (Т. Гушча). Ня тое ўжо стала нашае Палесьсе, як калісь было: няма ўжо ні тых лясоў бесканечных, зарослых камышом, плюшчаём, сітнягом, маўляў-бы лесам якім, у каторым кішмя кішыць усякае птуства вадзяное (Каг.). Па пушчы Дулебскай у ясны дзень, калі млявае лісьце пыша сьвежасьцю i пахам, наводзячы столькі гадак усялякіх, і цёплы веснавы воздух размарае шлункі прыемнай млявасьцю, і хочацца расьцягнуцца дзе на галу на зялёнай мураўцы, — прабіраецца вядомымі яму сьцежкамі дулеб, высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у белым летнім дулебскім насоўчыку, у сіняй з зялёным кантам шапцы, з гербам і бляхаю на рэмені торбы з ласёвых лапак, катора вісіць у яго з левага боку, з калітою і нажом пры поясе і са стрэльбаю за плячыма (Каг.). І кожная звычайная зьява жыцьця, ахінуць яе ў прыгожую форму ды асьвяціць яе больш-менш яскрава тым ці іншым сьветаглядам ды пры гэтым умець яшчэ вызначыць тыя, часта незаметныя пружыны выяўленьня нашае душы, што звычайна ня ўлоўліваюцца нашым вокам, — можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавяданьня (Т. Гушча). І зараз-жа, на заломе, выбухнуў вялізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, і сьледам за гэтым паказаўся паравоз кур‘ерскага цягніка. Было штось вялізарнае, магутнае ў гэтым імкненьні цягніка, і мімаволі хацелася схіліць галаву перад гэніем чалавечага розуму, што атрымаў верх над бясконцымі адлегласьцямі (Т. Гушча). Вось ён, настаўнік, ня мае веры, што ёсьць некая таемная варожая сіла, што йснуе незалежна ад чалавека (Т. Гушча). Шырокі гасьцінец з двума радамі старых бярэзін зьбягаў з горкі раўнюсенечкаю сьценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым гусьцей здаваліся гэтыя разьвіслыя старыя бярозы, усё болей і болей зьніжаліся яны, а потым зьліваліся ў адзін шнур ды замыкаліся сабою самымі, як-бы ўпіраліся ў лес ды хаваліся ў лінію небасхіла (Т. Гушча). Дробна гулка стукалі цапы па гумнах, і здавалася, што з кожным сваім ударам яны ўсё глыбей уваходзяць у жыцьцё вёскі, як-бы задумаўшы заглушыць сабою ўсе іншыя зыкі (К. Чор.).