вацца ў мове ня могуць, бо будуць незразумелыя ды ня выкажуць таго, што трэба сказаць.
Такі складаны сказ, у якім простыя сказы так цесна зьвязаны паміж сабою, што адзін паясьняе другі ды адзін бяз другога ў мове ня ўжываюцца, называецца складана-залежным сказам. Напрыклад: Хто новага ня бачыў, той і старому рад. Дзе араты плача, там жняя скача. Дурная тая дамова, дзе вала бадзе карова.
2) Як у складаназлучаным, так і ў складана-залежным сказе простыя сказы могуць зьвязвацца паміж сабою злучнікамі.
а) У складана-злучаным сказе простыя, роўнапраўныя сказы злучаюцца або пры дапамозе злучнікаў, або бяз іх. У складана-злучаным сказе знаходзім тыя самыя злучнікі, што зьвязваюць аднолькавыя часьціны зьлітага сказу. Напрыклад: Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара. Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае.
б) У складана-залежных сказаў залежнасьць паміж простымі сказамі выражаецца падвойным спосабам: або пры помачы злучнікаў і злучальных слоў, або пры помачы адносных займенных назоўнікаў, прыметнікаў ці прыслоўяў. Адгэтуль адрозьніваюць злучальную залежнасьць і адносную залежнасьць.
Злучальная залежнасьць выражаецца наступнымі злучнікамі і злучальнымі словамі: што, бо, дзеля таго, дзе, хоць, як, як толькі, быццам і інш. У такіх разох злучальныя словы зьяўляюцца толькі сувязьзю для сказаў і часьцінаю даданага сказу ня служаць.
Адносная залежнасьць выражаецца адноснымі і адносна-пытальнымі займеньнікамі, прыметнікамі і прыслоўямі: хто, што, які, каторы, чый, дзе, куды, адкуль, калі, як, колькі, чаму, нашто, зашто і інш. Усе гэтыя словы зьяўляюцца і часьцінамі сказу. Напрыклад: Хто коні мяняе, у таго хамут гуляе. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць.