Задачка 17-ая. Выпісаць спачатку сказы апавядальныя, потым — клічныя ды пытальныя.
Твая мова — нямая мова. Што сказаў ты сьвету ў сваёй мове? Дзе песьні твае? Хто чытаў твае думкі — работу твайго сэрца і розуму? Дзе песьняры твае? Чым ты пахвалішся? (Т. Гушча). Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца! (Я. Кол.). За работу жыва, жыва! Годзе млець у паняверцы! Муляр, слухай! што кладзеш ты? Вучэцеся, браты мае, думайце, чытайце! Ой пайду я з цеснай хаты ў чыста поле! Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краі (М. Багд.). І сьлёзы блішчэлі на вачох меншага брата. Праз мураваныя сьцены не прабілася песьня дудара, і ніхто яе не пачуў. Няхай астаюцца ў табе твае думкі і песьні! (Я. Кол.). Куды ты нясеш мяне, невядомая дарога? (Т. Гушча). Вам страшна нашай сьлёзнай песьні? Вам жудка сонца на прадвесьне? Мілей вам холад з цемнатой? (Я. Куп.). К свабодзе, роўнасьці і знаньню мы працярэбім сабе сьлед! Думка ў думку, дружна, сьмела ўсе наперад грамадой! (Я. Куп.). Сонейкам цёпленькім, зеленьню вабнаю абдаравала зямельку вясна. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца, к небу прыветна з вадзіцы глядзяць. Пушчы паважныя, зімку праспаўшы, радасна песьні зайгралі свае. Поле травіцаю сочнай адзелася. Каля скацінкі падпасіч з жалейкаю ходзіць наўкол ды йграе сабе (Я. Куп.). А скажы нам, калі ласка, вунь якія гэта краскі там растуць на нашым полі, ня ссыхаючы ніколі? (Кр.). З пушчамі, з птушкамі, з вольнымі ветрамі грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне! (Я. Куп.). Хто з вас, хто — ня любіці асьмеліцца ўлетку сьвет ад мяжы да мяжы? (Я. Куп.). Плача восень, стогне ў сьне, з пушчай, з ветрамі галосіць, як-бы дзе каго кляне ці аб шчасьці моліць-просіць. У коміне вецер заціхнуць ня хоча, заносіцца песьняй магільнай, дзікой; то стогне, то плача, то дзіка рагоча, як быццам сьмяецца з нядолі людзкой (Я. Куп.). На гары, на крутой, на абвітай ракой, лет назад таму сотня ці болей, белы хорам стаяў недаступнай сьцяной, грозна-думна глядзеў на прывольле (Я. Куп.). А ці чуў ты, аб чым там араты пяе, дзе і як жывуць гэтыя людзі?! (Я. Куп.). Худы воўк сустрэў сытага сабаку ды спытаў у яго, адкуль ён яду дастае. Стары скінуў сьлязу сярдуючы, бо ці-ж прыстала плакаць старому дзеду, якому ўжо і на пяты дзесятак павярнула?! Што за песьні сьпяваеш ты, вецер? Аб чым ты плачаш, вольны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям? (Т. Гушча). Ты ня здольны, ці хворы, ці благі гаспадар ці п‘яніца? Ці шырокі лавы, каб нам паляжаці? Ці добра гаспадыня, каб нас частаваці? (п.). Няхай шчыра сьвеціць вам сонца, няхай не зарасьце дарога ваша дзікаю травою! Які гэта старац з хлопцам ідзе? (Каг.). Што-ж табе пісаць, старэнькі?