1) Пытаньні, выражаныя асобнай інтонацыяй голасу ў разгаворнай мове, пераймаюцца слухам, а на пісьме азначаюцца пытальнікам. Пытаньні могуць быць станоўныя і адмоўныя. У пытальных сказах на першым або на апошнім месцы звычайна ставіцца тое слова, на каторым павышаецца голас, напр.: Паіў ты каня? — Паіў. — А чаму-ж морда сухая? — Бо вады не дастаў.
2) Апроч гэтых спосабаў інтонацыі голасу, у беларускай мове для выражэньня пытаньня служаць пытальныя словы — займенныя назоўнікі (хто, што), прыметнікі (які, каторы, чый), прыслоўі (дзе, куды) і пытальныя дапаможнікі (ці, хіба).
Найчасьцей у беларускай мове пытаньне выражаецца:
а) пытальным дапаможнікам ці („чы“ ў літаратурнай мове ня ўжываецца), напр.: Ці ня дудка мая весялушка была? Ці ня бачылі нашых коняй?
Гэты пытальны дапаможнік „ці“ знаходзім і ў пытаньнях падвойных (двучленных), напр.: Ці цот, ці лішка? Ці біцца, ці мірыцца? Хіба я зломак які, ці што? Часам замест „ці“ знаходзім „ай“: Біцца ай мірыцца?
б) пытальным дапаможнікам хіба: Хіба ты ня бачыў? Хіба ты ня ведаеш?
Калі „ці“ ў пытаннях заўсёды стаіць на пачатку, то „хіба“ можа займаць рознае месца, напр.: А ты хіба ня быў там? А ты ня быў там хіба?
в) Пытальныя сказы могуць пачынацца рознымі займеньнікамі назоўнымі, прыметнікамі займеннымі ды