шукаці уцехі: там толькі пачуеш нялюдзкія сьмехі (Я. Куп.). Люблю пахучы сьветлы май. Родам куры чубаты. Уставайце, мае дзеткі! Кожную новую птушку дзеці сустракаюць з радасьцю. На гэты гнеў ня зроблен хлеў. Пры госьці і гаспадар пажывіцца.
Прыклады для разбору. Шуміць маркотна вольха над рэчкаю бурлівай. Ночка цёмная на сьвеце вечна не пануе. Ні да якой работы няма ахвоты. Шапаціць імглісты бор. Ня ўсе птушкі лятаюць. Ня будзі ліха, калі ліха сьпіць. Чорныя думы мне спаць не даюць. Ня ўся яшчэ сарока бела. Само нішто ня прыходзіць у рукі. Колькі вутка ні мудруй, а лебедзем ня будзеш. Гэта не пярэліўкі. Бела мыецца, да нячыста ходзіць. Ні сьцяты, ні павешаны. Сонца грэе. Месяц ня грэе. Ён ні есьць, ні п‘е. Не шасьцяць каласы. Сыплюцца лісты на яловыя кусты. Не для нас гэта сонейка яснае заглянула ў небе высокім.
Вывады. Сказы бываюць: а) адмоўныя, калі пры выказьніку, выражаным асабовай формай дзеяслова, стаіць адмоўе (Травіцай ня грае сваёй сенажаць) і б) станоўныя, калі пры асабовым дзеяслове няма адмоўя (Некі няведамы жаль уздымаецца).
1) Для выражэньня адмоўнасьці ў беларускай мове ўжываюцца адмоўныя дапаможнікі не (ня), ні.
Адмоўны сэнс часьцінам сказу, як і цэламу сказу, надае толькі адмоўны дапаможнік не (ня). Гэты адмоўны дапаможнік, стаўшы перад асабовай формай дзеяслова, абарачае станоўны сказ у адмоўны; пастаноўка гэтага адмоўя перад іншымі часьцямі сказу не вытварае адмоўнага сказу, напр.: „Не для нас прышла вясна! Ня так шкода, як нявыгода“ — гэта сказы станоўныя.
Паўтарэньне адмоўя „не (ня)“ у падвойным выказьніку перад неазначальнай формай (інфінітывам) робіць сказ павялічана, або памоцнена станоўным, напр.: Нельга не пайсьці.