Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1926).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лаконцы сталі ў кружочак. Салавей пяе прыпяваючы, а я, млода, плачу прылягаючы. Па балоце чайка ходзячы рагоча. Сядзеўшы, нічога ня выседзіш. Паволі едучы, далей будзеш. Ня шукаючы, ня знойдзеш. Воўк не выбіраючы душыць авечкі. Быўшы ў вадзе, стаў сух. Не пераскочыўшы, не кажы гуп. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Ня згубіўшы, нечага шукаць. Вераценца, з рук упаўшы, грукне. Пад дуб рохкаючы падбегла лапавухая сьвіньня ды стала рыць карэньне. У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць.

§ 7. Прыдатак.

Часам два назоўнікі стаяць поплеч у вадным і тым-жа склоне, паясьняючы адзін аднаго ды кіруючыся (калі гэта два дапаўненьні) адным і тым-жа словам. Напрыклад: Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Застаўся адзін сын-сірата. Стаіць груша-сіраціна на мяжы ў полі. Коніка-сябра свайго паганяй! Рвецца дух мой на свабоду із турмы-магілы (Я. Кол.).

Дзеля таго, што гэтыя пары назоўнікаў іменных маюць аднолькавую форму склону і ліку, то можна сказаць, што яны дапасованы паміж сабою ў склоне і ліку. Такія дапасованыя назоўнікі называюцца прыдаткамі. Значыць, прыдаткам называецца азначэньне, выражанае назоўнікам ды пастаўленае ў тэй самай форме, як і тое слова, да якога яно адносіцца, г. зн. азначэньне з няпоўным дапасаваньнем. Напрыклад: Апранула зямля-матка кажушок зялёны. Хвоя-веліч стаіць на кургане.

1) У родах назоўнікі не зьмяняюцца, дзеля гэтага яны і дапасавацца ў родзе ня могуць. Прыдатак можа супасьці ў родзе з тым словам, да якога ён адносіцца (горад Менск), але можа і ня супасьці (горад Вільня).

2) Назоўнікі лічэбныя, як і ўсе назоўнікі, бываюць у сказе прыдаткамі, калі стаяць у вадным склоне з другім назоўнікам, напр.: два чалавекі, тры кнігі, не хватала пяці рублёў.

3) Прыдатак можа мець пры сабе паясьняльныя словы, напр.: Праляцела борзда лета, наша сьветлая