купляю, сяку, ару, кашу, пішу; б) ляжу, сплю, стаю, бягу, еду, плачу, купаюся, рагачу.
Пры першых дзеясловах дапаўненьне проста патрэбна, каб дакладней выразіць значэньне дзеяслова (ён пагасіў агонь); на такое дапаўненьне нават падае націск, пры другіх-жа дзеясловах нават трудна адразу знайсьці дапаўненьне. Сказ „ён сьпіць“ становіць зусім закончаную думку, хоць ён можа быць пашыраны рознымі дапаўненьнямі (ён сьпіць на ложку, пад дубам, у садку, крэпкім сном і г. далей); часам нават у вінавальным склоне: такое дапаўненьне стаіць на мяжы з акалічнасьцю (сьпіць зіму, лета, цэлы дзень).
Пераходныя дзеясловы (першы рад а) патрабуюць для матэрыяльнасьці свайго значэньня дапаўненьня ў адным пэўным склоне, хоць падобна да непераходных (другі рад б), могуць мець пры сабе і іншыя, не характэрныя, не канечна патребныя дапаўненьні і ў іншых склонах. Найчасьцей патрэбнае дапаўненьне пры дзеясловах пераходнага значэньня ставіцца ў вінавальным склоне, а пры адмоўнасьці „не“ — у родным склоне (лаўлю рыбу, не лаўлю рыбы).
3) Дапаўненьне, што стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка ды азначае прадмет, на які пераходзіць дзеяньне пераходнага дзеяслова, называецца простым, а ўсе іншыя называюцца ўскоснымі.
4) Мы бачылі (§ 5, 2), што прыметнікі і дзеяпрыметнікі часам абарачаюцца ў назоўнікі йменныя або разумеюцца, як назоўнікі йменныя, і тады могуць быць дзейнікамі; значыць, яны могуць быць і дапаўненьнямі, г. зн., кіравацца, як і ўсе назоўнікі йменныя, напр.: бачу сьляпога, пашкадуй малога, ня б‘юць ляжачага, іншае дараванае даражэй за куплёнае.
5) у сказе дапаўненьне можа мець рознае значэньне: яно можа выражаць прыналежнасьць аднаго прадмета другому (хата нашага дзядзькі), месца (хата ў лесе), час (гэта здарылася пад восень), параўнаньне (лепшы за брата), прычыну (пасварыліся за ножык--