Кіроўнае слова ў сказе, або залежны склон назоўніка йменнага ці іншай часьціны мовы, што падмяняе назоўнік іменны, называецца дапаўненьнем. Напрыклад: Поле пакрылася зяленівам. Праца нам шчасьце дае. Сава ня ўродзіць сакала. Жалем сьціскаюцца грудзі. Пастух пасе авечкі. Ніва пустымі шуміць каласамі. Ніва ня цешыць жаночых вачэй. Страчанага ня вернеш. Ляжачага ня б‘юць. Убогага кій корміць.
1) Дапаўненьне выражаецца залежным склонам назоўнікаў іменных і іншых скланяльных часьцін мовы, што могуць быць дзейнікамі. Адгэтуль відаць, што дзейнік ні ў якім залежным склоне стаяць ня можа, бо ўсе залежныя склоны — гэта формы кіроўных слоў, дапаўненьняў. Дзейнік мае сваю ды толькі адну форму — назоўны склон.
Дапаўненьне зьвязана з дапаўняльным словам кіраваньнем, г. зн. дапаўняльныя словы патрабуюць, каб дапаўненьне стаяла ў пэўным залежным склоне. Дапаўненьне можа стаяць у кожным склоне, апроч назоўнага і клічнага.
Дапаўненьні могуць кіравацца двума спосабамі — з прыназоўнікам і без прыназоўніка. Прыназоўнікі — гэта нязьменныя словы (на, пры, за, пад, да, у, к, каля, цераз і інш.), што прыстаўляюцца к дапаўненьню, каб дакладней выразіць значэньне склону, напрыклад: сеў за стол, сядзелі за сталом, кінулі пад стол, стаў пры стале і г. далей.
2) Ёсьць такія дзеясловы, што канечна патрабуюць пры сабе дапаўненьня: без яго сэнс дзеяслова не дакладна ясны або іншы. Дзеясловы гэтыя называюцца пераходнымі, а дапаўненьні пры іх — простымі, а ўсе іншыя — ускоснымі. Такія пераходныя дзеясловы звычайна кіруюць вінавальным склонам без прыназоўніка; гэтая форма і зьяўляецца звычайнай для простага дапаўненьня.
Возьмем некалькі дзеясловаў з пераходным і непераходным значэньнем: а) даю, бяру, нясу, прадаю,