б) Сказ цэлі можна бачыць і ў наступным прыкладзе: „Стаў зьбірацца, нібыта да дому ехаць“, дзе даданы сказ акалічнасьці цэлі пачынаецца словам „нібыта“.
Даданыя сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня, паясьняючы дзеяслоў, паказваюць спосаб дзеяньня. Яны выражаюць супастаўленьне, параўнаньне (дадатнае і адмоўнае) розных дзеяньняў, станаў, зьяў і здарэньняў; часам можа выражацца і вынік з пэўнага дзеяньня. Усё гэта пазваляе падзяліць сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня на дзьве часткі: 1) сказы параўнальныя і 2) сказы паясьняльныя.
1. Сказы параўнальныя звычайна зьвязваюцца з асноўным сказам такімі злучнікамі:
а) як: Літвін, як лін. Сказаў, як зьвязаў. Сьпіць, як пшаніцу прадаўшы. Сядзіць, як мыш пад мятлою. Вочы гараць, як вугальлё. Пабялеў, як палатно. Шуміць лес, от як песьні сьпявае. Як пасьцелеш, так і высьпішся. Лепей у пяску гніць, як з нямілым жыць.
Як бачым з некаторых прыкладаў, злучніку „як“ у даданым сказе адпавядае злучнік „так“ у васноўным.
б) бы: з „якобы“: Дрыжыць, бы тая асіна. Дудка грае тонка, от бы тая павуціна. І ўсхліпвае рэчка ў пяскох залатых, бы маці па дзецях сваіх.
в) чым — творны склон займеньніка „што“, часам з часткаю „сі“, якая разьвілася з паказальнага займеньніка, напр.: Чым далей, тым горай. Крычыць, на чым сьвет стаіць. Лепей хлеб з вадою, чымсі з