§ 25. Даданыя словы ў сказе, выражаныя прыслоўямі і дзеяпрыслоўямі.
Акалічнасьці выражаюцца прыслоўямі і дзеяпрыслоўямі, напр.: ён чытае выразна, мы гулялі доўга, гэта было ўчора, пойдзем заўтра, трэба сьпяшацца скарэй; яны сядзелі моўчкі; заснуў чытаючы, чытаўшы; беглі як мага, як маецеся?
Асноўная прымета, па якой мы пазнаём акалічнасьць, гэта тая, што акалічнасьць не дапасуецца і ня кіруецца. Гэтым акалічнасьць розьніцца ад дапаўненьня і азначэньня. Часьціны мовы, якімі выражаюцца акалічнасьці — прыслоўі і дзеяпрыслоўі, не зьмяняюцца ні ў склонах, ні ў родах, ні ў ліках.
Пераважную большасьць прыслоўяў становяць формы назоўнікаў ці прыметнікаў, акасьцянелыя ў тым ці іншым склоне, часам з прыназоўнікам. Покі ў такой форме склон, а таксама род і лік мысьліліся, то гэтая форма ня была яшчэ прыслоўем, а, значыць, і акалічнасьцю ў сказе: яна была яшчэ або назоўнікам, або прыметнікам у значэньні назоўніка ды служыла ў сказе дапаўненьнем. Напрыклад, прыслоўе „заўтра“ вытварылася з іменьніка „утра“ ў вінавальным склоне адзіночнага ліку з прыназоўнікам „за“ (заўтра — за утра, як „за дзень“). Покі прыназоўнік „за“ і назоўнік „утра“ адбіваліся ў сьвядомасьці кожны паасобку, то слова „за утра“ было дапаўненьнем, а калі гэта забылася ды перастала мысьліцца, тады „заўтра“ абярнулася ў прыслоўе ды стала ў сказе акалічнасьцю. Таксама прыслоўе „замуж“ — даўнейшая форма вінавальнага склону йменьніка „муж“ з прыназоўнікам „за“; слова „замужам“ — форма творнага склону таго самага йменьніка з прыназоўнікам „за“, дзе творны склон ужо ня мысьліцца склонам; „завідна“, „удоўж“ — формы даўнейшага вінавальнага склону, якія ўжо ня мысьляцца йменьнікамі, бо іх сапраўднае зна-