на вёсцы. Княжыў на Вільні. Стаў гаспадаром на Літоўскай зямлі (у гэтых прыкладах, замест „на“, мог стаяць прыназоўнік „у“). На вярбе грушы. На жывой касьці мяса мусіць абрасьці. На сьвеце, як у карэце: едзеш, трасешся, покі ня вывернешся. На злодзеі шапка гарыць. На пастаці нечага стаяці. На карку сядзіць. На адным месцы і камень абрастае.
Часта пры прыназоўніку „на“ з месным значэньнем (як пры „у“; бач. ніжэй) стаіць месны склон у форме давальнага склону, напр.: Заржалі конікі на броду: чулі яны на сябе прыгоду. У нас сягоньня масьляніца, — прыляцела к нам ластавіца, села-пала на калу, скінула масла па каму. Ішла сьвіньня па ляду, рассыпала каляду.
Сюды трэба аднесьці і такія нявыразныя выпадкі, як: „На злодзею шапка гарыць“. „На каню сядзіць, а каня пытае.“
У такіх разох прыметнік стаіць у месным склоне, напр.: На сваім каню, як хачу скачу. На лечаным каню, далёка не заедзеш. На гэтым гаму хто што зарваў, то і таму. Пры лузе, пры дарозе, на бітым гасьцінцу.
Падобныя формы бываюць і пры прыназоўніку „па“ (бач. ніжэй).
20. над. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і творным склонам. З вінавальным злучаецца ён для абазначэньня руху куды-нібудзь ці над кім- нібудзь; у пераносным значэньні выражае перавагу над кім-нібудзь, панаваньне. З творным склонам абазначае прабываньне над кім ці над чым-нібудзь, а таксама перавагу, панаваньне.
Вінавальны склон з „над“ у жывой мове рэдка сустракаецца (было над вечар); найчасьцей знаходзім яго пры параўнаньні, для выражэньня перавагі, напр: Разумнейшага над яго няма нікога. Узяў над сілу. (Даўней пісалі: „Будзеш мілован над хвалу людзкую“). Над‘ехаў над сяло (блізка к сялу). Над меру вялік. Над меру б‘еш хлапца. Над усё любіць малако.