д) З месным склонам: аб (а), на, па, пры, у.
Ёсьць некалькі прыназоўнікаў, што злучаюцца з двума склонамі (у сьцяне і ў сьцяну, на стале і на стол, аб пне і аб пень, за сьцяною і за сьцяну, пад сталом і пад стол), і ёсьць два прыназоўнікі — „з“ і „па“, якія злучаюцца з трыма склонамі, напр.: вярнуўся з работы, схадзіць з гары, з сахою, з бараною, з хлебам, з дом увелькі; ісьці па пяску, па лузе, па беразе, па дарозе; плакаць па сыну, па бацьку, па матцы, але тут толькі форма давальнага склону, а на дзеле гэта месны склон, бо — „плакаць па сынох“, паслаць па доктара, пайсьці па воду.
Такім парадкам, прыназоўнікі за, пад і некаторыя іншыя могуць стаяць пры вінавальным і творным склонах: селі за стол, сядзелі за сталом; палажылі пад стол, пад сталом.
Прыназоўнікі аб, на, у могуць стаяць пры вінавальным і месным склонах, напр.: у лес, у лесе, аб стол, аб стале, на стол, на стале.
Прыназоўнікі з, па стаяць першы („з“) з родным, вінавальным і творным (вярнуўся з работы, сабака увелькі з воўка, жыве з сястрою), а другі — „па“ стаіць пры вінавальным і месным (пайсьці па воду, паслаць па доктара; пайсьці па коні, па гусі; плакаць па матцы, па бацьку, па сыну, па куму; хадзіць па лузе, па беразе, па хаце, па полі).
6. Ужываньне прыназоўніка (Дапаўненьні з прыназоўнікамі). Гаворачы аб ужываньні прыназоўнікаў, трэба разумець, што такім спосабам выясьняецца значэньне сустаўных дапаўненьняў, г. зн. залежных склонаў з прыназоўнікамі.
1. аб (а) злучаецца 1) з вінавальным і 2) з месным склонам. Розьніцы ў значэньні „аб“ і „а“ няма, толькі „аб“ часьцей ужываецца.
1) З вінавальным склонам „аб“ — „а“ ставіцца для паказаньня на сумежнасьць, на мяжу або граніцу