адносіны паміж прадметамі ці прыметамі прадметаў, але і самі па сабе абазначаюць нешта матэрыяльнае, напр.: каля мліну, дзеля мяне, край дарогі, канцы сяла, паканец стала, зрабіць паканец рук.
Дзеля гэтага прыназоўнікі можна падзяліць на прыназоўнікі сапраўдныя, што маюць чыста формальнае значэньне, як канчаткі, каб выразіць граматычныя адносіны паміж пэўнымі часьцінамі сказу, як, напр., у, з, за, на, над, пад, без, да, к і іншыя, і прыназоўнікі-прыслоўі (замест, напроціў, проці, скрозь, сярод, пасярод, каля, дзеля, між і іншыя), якія больш выразна і наглядна вызначаюць адносіны паміж часьцінамі сказу. Некаторыя з-паміж такіх прыназоўнікаў-прыслоўяў могуць і незалежна служыць паясьненьнем дзеяслова, без залежнага ад іх слова-дапаўненьня. Але трэба сказаць, што і некаторыя прыназоўнікі-прыслоўі пасьпелі ўжо выветрыцца, страціць свой матэрыяльны зьмест ды нават паскарочвалі сваю форму (ля=для). Ёсьць і такія прыслоўі, што на нашых вачох становяцца прыназоўнікамі, напр.: „міма“ („Міма хмурынка прашла“ і — „Міма рота не пранясеш“; у першым прыкладзе „міма“ — прыслоўе, а ў другім — прыназоўнік, бо кіруе словам „рота“).
3. Пахаджэньне прыназоўнікаў і прыслоўяў. Аб пачатковасьці прасторавага значэньня сьведчыць і пахаджэньне прыназоўнікаў; тыя прыназоўнікі, пахаджэньне якіх удалося дасьледзіць, становяць сабою залежныя склоны назоўнікаў іменных, што страцілі сваю назоўнасьць і скланеньне, і якія мелі прасторавае, матэрыяльнае значэньне. Напрыклад, прыназоўнік „між“ (даўней „межы“) — закасьцянелы склон назоўніка мяжа (ц.-слав. „межда“, парасійску „между“); „сярод“ — ад назоўніка іменнага „сярэдзіна“.
Часам з усіх склонаў назоўніка йменнага застаецца толькі адзін склон аднаго ліку, і тады ўжо, разумеецца, ні склон, ні лік ня мысьляцца, і слова робіцца бясформеным, бо форма можа мысьліцца толькі пры параўнаньні з сумежнымі формамі. Такія, напры-