ня. Напрыклад, прыназоўнік „за“ з творным склонам можа абазначаць і прасторавыя (месныя) адносіны паміж прадметамі („хата за гарою“), часоўныя („за пагоду ўправіліся“, „гэта было за паншчыну“), прычынныя („пасварыліся за ножык“) і іншыя адносіны. Або возьмем яшчэ прыназоўнік „ад“: ад хаты да гумна, вечка ад скрынкі, заплакаў ад болю, памёр ад сухот, уцёк ад нас, сьляпы ад роду, бараніцца ад ваўкоў, гарачэй ад агню і г. далей.
Даўнейшым значэньнем прыназоўнікаў зьяўляецца бадай што заўсёды прасторавае, меснае значэньне, г. зн. прадметнае, а не разумовае, а потым цесна зьвязанае з ім значэньне часоўнае. Так, напрыклад, даўнейшае значэньне прыназоўніка „за“ з творным склонам выяўляецца ў злучэньнях: „жыць за гарой“, „поле за хатаю“, „крок за крокам“ і г. далей. З апошняга злучэньня лёгка зразумець, як прасторавая сувязь пераходзіць у часоўную: „крок за крокам“ можна разумець і месна („крок за крокам па пятах“) і часоўна („крок за крокам бязупынна“). Адгэтуль ужо чыста часоўныя злучэньні: „дзень за днём“, „год за годам“. Далей, часта прадмет, за якім стаіш, замінае бачыць і чуць, і такое злучэньне, як „за кустамі нічога ня відно“, стала мысьліцца ў значэньні перашкоды, а перашкода — прычынай; адгэтуль прыназоўнік „за“ набраў значэньня прычыннасьці: „За туманам сьвету ня відно“. „За лозамі, за бярозамі рута-мята ня ўсходзіць“. „Паспорылі за мех, пасварыліся за дзеці“. Потым, дзеля таго што прадмет, за якім ідзеш, часта бывае пажаданым („бегчы за зайцам“, „гнацца за ворагам“), то прыназоўнік „за“ стаў ужывацца для выражэньня цэлі, напр., парасійску: „послать за доктором, за водой“, панашаму — „па доктара, па воду“. Часта прадмет, за якім стаіш, дае хованку, абарону („хавацца за сьцяну, за агарожу“); адгэтуль магло вытварыцца такое злучэньне прыназоўніка „за“ з залежным склонам, як: „пайсьці замуж, быць замужам“ (на пачатку=за мужам), адгэтуль і прыказка: „За добрым мужам і чулінда