Што да прыназоўнікаў, то трэба ведаць, што яны ўжываюцца толькі пры дапаўненьнях; дзеля таго яны і называюцца прыназоўнікамі, бо дапаўненьнем, як мы ведаем, можа быць толькі залежны склон назоўніка, або тая часьціна мовы, што мысьліцца, як назоўнік.
2. Значэньне прыназоўнікаў. Агульнае значэньне прыназоўнікаў тое самае, што і значэньне залежных склонаў назоўнікаў: яны вызначаюць тыя ці іншыя адносіны прадмета да другога прадмета. Прыназоўнікі, агулам кажучы, адпавядаюць сваім значэньнем канчаткам (флексіям) назоўнікаў. Часта тое, што ў адных мовах выражаецца залежным склонам (зн., канчаткам), то ў іншых мовах — прыназоўнікам з залежным ад яго склонам. Мы, напрыклад, кажам: „Рым быў пабудован Ромулем і Рэмам“, а рымлянін і немец сказалі-б „быў пабудован ад Ромуля і Рэма“; расіец кажа: „это белее снега“, „темнее ночи“, „умнее меня“, а мы, беларусы (а таксама рымлянін, паляк, серб, украінец), кажам: „бялей за сьнег, „цямней за ноч“, „разумней за мяне“; мы кажам: „араць сахою“, „біць малатком“, „грызьці зубамі“, а немец скажа: „араць з сахою“, „біць з малатком“, „грызьці з зубамі“ — у немца дапаўняльны прадмет таварышуе дзейніку, г. зн., дапаўненьне стаіць у такой форме, што выражае такія адносіны да другога прадмета ці прыметы, якія можна назваць таварышаваньнем; таксама нам зручней сказаць „поэма напісана Якубам Коласам“, а паляк скажа: „напісана праз Якуба Коласа“. Наадварот, мы цяпер кажам: „ісьці з братам, з жонкай“, а даўней казалі: „ісьці братам, жонкаю, суседам“; мы цяпер кажам: „у гумне, у горадзе, у Вільні“, а даўней гаварылася проста, без прыназоўніка „у“: гумне, горадзе, Вільні.
Як бачым з гэтых прыкладаў, паміж асобнымі прыназоўнікамі і асобнымі склонамі ёсьць нават простая адпаведнасьць у значэньнях. Пры гэтым, кожны прыназоўнік, як і кожны склон, мае звычайна па некалькі значэньняў, якія разьвіліся гістарычна адно з другога і выводзяцца з аднаго даўнейшага значэнь-