У стараславянскай мове месны склон мог ужывацца без прыназоўніка для абазначэньня месца і часу, а потым ён стаў ужывацца толькі з прыназоўнікамі.
Пры разглядзе дапаўненьняў розных склонаў часта сустракаліся формы з месным значэньнем, але сапраўдным прадстаўніком гэтага значэньня зьяўляецца месны склон. Ён паказваў месца, дзе знаходзіцца прадмет або дзе адбываецца тое ці іншае дзеяньне, а таксама час, калі адбываецца дзеяньне, і ўжываўся таксама ў залежнасьці ад некаторых дзеясловаў. Ёсьць прыслоўі ў форме меснага склону без прыназоўніка, як памяць аб тым, што некалі месны склон ужываўся без прыназоўнікаў, напр.: балазе, годзе, вонках, добра (з „добрэ“).
У народных песьнях часам сустракаецца форма меснага склону без прыназоўніка, напр.: Ой лесе, лесе на вярэсе (замест „ой у лесе, у лесе“).
1. Падзел дапаўненьняў. Усе дапаўненьні можна падзяліць на простыя і сустаўныя. Калі пры дапаўненьні стаіць прыназоўнік, які зьвязвае яго з тым словам, да якога яно адносіцца, то такое дапаўненьне называецца сустаўным. (За мурам і куля ня страшна), а калі пры дапаўненьні прыназоўніка няма, то яно называецца простым (Не ўдалося забіць лося).