Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1926).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Сабака брахаў на ваўкі. Мяняе быкі на індыкі. Стаў красьці авечкі. Павёў пасьвіць коні. І сава свае дзеці хваліць. Багатаму чорт дзеці калыша (прыказка).
г) У народнай мове, як і ў старасьвецкай кніжнай, часта ўжываецца родны склон заместа вінавальнага і ад назоваў прадметаў няжывых адзіночнага і часам множнага ліку, напр.:
Ражна зьясі, калі ня хочаш хлеба! Вазьмі замка, паддай мяшка. Дык яна уваткнула яму рубля. Камяні, ідзеце тапароў тупіць! Табе вянок з дабра, а нам дасі на трох рубля.

Парасійску ў такіх разох скажуць: „ражон эьясі“ — замест „ражна зьясі“, „вазьмі замок“ — заместа „вазьмі замка“ і г. д.

2. Родны пры назоўніках. Гэты родны склон залежыць ад назоўнікаў іменных, што абазначаюць прадметы падзельныя або разумовыя, а таксама ад займеньнікаў і лічэбнікаў, а часам і ад прыметнікаў. Тут могуць быць такія выпадкі:

а) Родны склон часткі; ён залежыць ад іменьнікаў, напр.: Прывезьлі бочку смалы. Стаялі копы сена, кучы мужчын і жанок. Знайшоў кацёл грошай. Пражыў веку сто гадоў.

Пры назоўніках лічэбных, пачынаючы ад 5 і далей, родны склон часьці бывае толькі пры назоўным і вінавальным склонах: пяць братоў, дзесяць коняй, семсот, шэсьцьсот, дваццаць тысяч.

Родны склон бывае заўсёды пасьля такіх слоў, як „многа“, „мала“, „шмат“, „даволі“, якія падмяняюць лічэбнікі, напр.: мала груш, многа яблык, шмат грошай, даволі сьлёз.

б) У залежнасьці ад іменьнікаў ужываецца родны склон прыналежнасьці, які абазначае прадмет або асобу, каторай належыць нешта, напр.: хата бацькі, хустка маткі.