Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1926).pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надзеяцца, спадзявацца, сьмяяцца, кланяцца, старацца, старэцца, пладзіцца, здарылася. Некаторыя з такіх дзеясловаў у беларускай мове ўжываюцца нават і бяз „ся“, напр.: спадабаў — спадабаўся, заблудзіў.

Займеньнік „ся“ ўжываецца часам для вытварэньня дзеясловаў безасабовых; у такіх дзеясловах „ся“ памацняе непераходнасьць дзеяньня, адцягаючы яго ня толькі ад об‘екта, але і ад дзейніка (суб‘екта), напр.: разьвіднелася ці разьвідняецца, нахмурылася — нахмурваецца, распагодзілася.

д) Усе дзеясловы незваротнага стану (усе дзеясловы бяз „ся-ца“) могуць быць падзелены па свайму значэньню на дзьве групы: пераходныя і непераходныя, напр.: сушыць — сохнуць, бяліць — бялець, чарніць — чарнець, садзіць — сядзець і т. д.

Але гэта ўжо ня станавыя асаблівасьці.

Непераходнымі зьяўляюцца таксама ўсе дзеясловы зваротнага стану.

Часам значэньне залежнага стану выражаецца формай дзеяслова з непераходным значэньнем, напр.: „Густа, густа лістом дарожка запала“.

Безасабовыя формы залежнага значэньня (ня відана, ня слыхана) найчасьцей выражаюцца неазначальнай формай дзеяслова: ня відаць, ня чуваць, ня слыхаць). Ад ліха ціха, але і дабра ня чуваць (заместа „ня чутно“).

6. Выражэньне трываньняў. Розныя формы выказьніка — формы асобы, ліку, часу, ладу і стану — маюць значэньне толькі ў адносінах да дзейніка (суб‘екта). Гэтыя формы самі па сабе, незалежна ад дзейніка ці без адносін да другога слова з значэньнем назоўнага склону, ня могуць мысьліцца. Прымета (дзеяньне ці стан), якая выражаецца дзеясловам, сама па сабе ня мае рэальнага існаваньня, а толькі прыпісваецца пэўнаму прадмету.