Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1926).pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У падвойным выказьніку ясна выступаюць два мамэнты, якія ня зьліваюцца ў адну дзеяслоўную форму, як гэта бывае ў складанай форме будучага ці прошлага часу, бо асабовы дзеяслоў — не дапаможны, хоць і тут ён часта ня мае поўнага матарыяльнага значэньня, напрыклад: „стаў ленавацца“; тут дзеяслоў „стаў“ азначае зусім ня тое, што ў сказе „ён стаў на стол“.

Адрозьніваюць два віды падвойнага выказьніка: 1) адзін від — гэта той, дзе неазначальная форма (інфінітыў) адносіцца да тае самае асобы, каторая выражана асабовым дзеясловам, напр.: баюся спазьніцца, г. зн., баюся, каб я не спазьніўся; 2) другі від — гэта той, дзе неазначальная форма адносіцца да другой асобы, каторая выражана дапаўненьнем, а не асабовай формай дзеяслова, напр.: прашу вас зайсьці да мяне, г. зн., прашу, каб вы зайшлі да мяне; дапаўненьне ў такіх разох часта мысьліцца само сабою, напр.: прашу не гаманіць, г. зн., „прашу, каб вы не гаманілі“.

У падвойным выказьніку часта першая частка, што звычайна выражаецца дзеясловам у васабовай форме, становіць сабою сустаўны выказьнік, напр.: „Рад любавацца я кветкай убогай“; тут першая частка падвойнага выказніка сустаўная: „ёсьць рад“.

А нарэшце трэба памятаць, што няма выказьніка без асабовага дзеяслова, за выключэньнем тых разоў, калі ён выражаны інфінітывам.

II. Выражэньне выказьніка ў асабовых сказах.

А. Выражэньне простага выказьніка.

Звычайным выказьнікам бывае дзеяслоў у васабовай форме. Асабовы дзеяслоў найлепей і навочней выражае прымету чыннасьці дзейніка, напр.: У школу заўтра пойдзе іх сынок Ігнатка. Няпрыветна цераз вокны ночка пазірае.