масьць робіць?“ „Імасьць сама ведае — ведаеш, што гэта няпраўда“, і „Чаго васпан шукае — шукаеш? Ня тое васпані кажа — кажаш“.
4) Асаблівым паказальным характарам вызначаюцца займенныя прыметнікі „той“ і „гэты“. Першы паказвае на адлеглы прадмет, а другі — на прадмет бліжэйшы, напр.: „Тады тыя і пытаюць у яго, тыя калекія“. „Тады той і кажа яму“. „Гэтыя ўжо прышлі, а тых яшчэ няма“. „Урадзіўся гэтакі — гэтакі і памрэ“.
Часам „той“ можа стаяць на месцы „ён“, напр.: Глянуў музыка на табакерку, а тая (заместа „яна“) аж зіхаціць.
Пры паўторнасьці „той — той“, гэты паказальны займеньнік можа азначаць „адзін — другі“, напр.: „Жала тая дзень, і тая дзень“ замест: „Жала адна дзень, і другая дзень“. „Тая рабіла тое, а тая тое“ замест: „Адна рабіла адно, а другая другое“. „Тая кажа на тую“ замест: „Адна кажа на другую“.
Часам „той“ зусім траціць свой паказальны характар ды становіцца чыста формальным зьмяшчальнікам дзейніка, надаючы яму неазначальны характар, напр.: Мая душа, як той кажа, ня крывая: усё прымае. Як той казаў.
Апрача „той“ і „гэты“, сустракаецца яшчэ паказальны займеньнік прыметны „сёй“ звычайна ў злучэньні з „той“, напр.: „Сабраліся да нас „той-сёй“. „Паслужэце вы нам сей дзень нядзелі“ (з песьні).