Вывады. Мова можа мець розны характар: яна або складаецца з кароткіх сказаў, або з больш-менш разьвітых простых і складаных сказаў, або, нарэсьце, з вялікіх сынтаксычных адзінак, зложаных з цэлага раду простых і складаных сказаў, цесна зьвязаных паміж сабою адзінствам тэмы.
Такая складаная сынтаксычная адзініка, зложаная з простых і складаных сказаў, што закончана разьвіваюць пэўную тэму, называецца кругасказам, або перыодам. Напрыклад: Калі я праходжу міма сялянскіх лясоў, каторыя я абараніў ад зьнішчэньня, або калі я чую, як шуміць малады лес, пасаджаны маімі рукамі, я пачынаю ганарыцца, што клімат залежыць крошку ад мяне, што калі праз тысячу год чалавек стане шчасьлівым, то ў гэтым крошку буду вінен і я.
Чытаючы кругасказ, звычайна адчуваюцца яго сустаўныя часьці: павышэньне й паніжэньне, паміж якімі робіцца перапынак, выразная паўза.
Паводле сустаўных частак кругасказы можна дзяліць на два віды: кругасказы падпарадкаваныя, у якіх адносіны паміж сустаўнымі часткамі такія самыя, як паміж асноўным і даданым сказамі (бач прыклад 3-ці ды папярэдні), і кругасказы злучаныя, у якіх гэтыя часьці зьвязаны злучальнымі словамі або зусім ня маюць злучнікаў (бач. прыклады 1-шы, 2-гі).
Увага. Кругасказы вельмі любілі старажытныя грэцкія й рымскія пісьменьнікі. Кругасказы часта ўжываюцца цяпер прамоўцамі, але новыя літаратурныя густы ўжо не прыдаюць кругасказам таго значэньня, якое яны мелі даўней. З нашых беларускіх пісьменьнікаў кругасказы найчасьцей сустракаюцца ў Якуба Коласа (Тараса Гушчы), а часам у М. Багдановіча і Ц. Гартнага, а другія пісьменьнікі (Я. Купала, Каганец, Ядвігін Ш.) ужываюць больш просты лад мовы. Такога роду асаблівасьць у мове пісьменьніка стаіць у цеснай сувязі з тым, як ён мысьліць і творыць.
Задачка 25-ая. Разабраць сантаксычны лад наступных прыкладаў ды вызначыць віды кругасказаў (падпарадкаваныя ці злучаныя), павышэньне й паніжэньне.
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы, гарыць паветра іх сялібы агнём сьляпячым, сіняватым; старыя вербы каля хаты гудуць і гнуцца за ўсе бокі, над долам сьцелюць верх шырокі, і