Адносная залежнасьць выражаецца адноснымі і адносна-пытальнымі займеньнікамі, прыметнікамі й прыслоўямі: хто, што, які, каторы, чый, дзе, куды, адкуль, калі, як, колькі, чаму, нашто, зашто і інш. Усе гэтыя словы зьяўляюцца і часьцінамі сказу. Напрыклад: Хто коняй мяняе, у таго хамут гуляе. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Чаму быць, таму не мінаваць. Якія мы самі, такія й наші сані. Як пасьцелеш, так і высьпішся. Чый конь, таго й грошы. Адкуль дым, адтуль і полымя. Нашто нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем.
Такім парадкам, займеньнікі, прыметнікі й прыслоўі, будучы злучальнымі словамі, ня трацяць значэньня часьцін сказу.
Да адносна-залежных сказаў належаць і ўскосныя пытаньні, г. зн., пытаньні, пастаўленыя ў залежнасьць ад другога сказу; ускосныя пытаньні пачынаюцца з пытальных займеньнікаў, прыметнікаў і прыслоўяў. Напрыклад: Пытаюцца, чые чые гэта коні. Адыходзячы спыталіся, катора гадзіна.
3) Адносныя займенныя прыметнікі „які“, „каторы“ дапасоўваюцца ў родзе й ліку з тым словам у васноўным сказе, да якога яны адносяцца; склон-жа іх залежыць ад даданага сказу. Адносны займенны прыметнік „чый“ мае поўнае дапасаваньне з сваім азначальным словам у даданым сказе. Напрыклад: Чый род, таго й рот. Чыя душа часнаку ня ела, то й пахнуць ня будзе. Чые-б цяляткі мычалі, а нашы хоць-бы й маўчалі.
4) Даданыя сказы аддзяляюцца ад асноўнага ў мове перапынкамі, паўзамі, а на пісьме — коскамі; таксама паасобныя сказы ў складана-злучаным сказе аддзяляюцца паўзамі, а на пісьме — коскаю, кропкай з коскай, двукроп‘ем, у залежнасьці ад характару злучаных сказаў, што выясьняе правапіс.
5) Даданыя сказы могуць стаяць: а) перад асноўным (Хто працуе, той і мае), б) пасьля асноўнага ска-