Пусьцее поле. Моўкне птушка. Прыгрэла сонца. Прышла вясна. Згінуў сьнег.
3. Просты разьвіты сказ. Сказы, што маюць даданыя часьціны, называюцца простымі разьвітымі сказамі. Напрыклад: Папсавала гразь дарогу. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Нетры лясныя спрадвеку хаваюць некую тайну ад вока людзей.
Сказы, як кароткія, так і разьвітыя, могуць быць: а) поўныя або няпоўныя, б) асабовыя або безасабовыя.
4. Сказ поўны. Сказ, у якім ёсьць навочна дзейнік і выказьнік, называецца поўным, напр.: Моцна хлопец занудзіўся. Птушкі ў лесе шчабяталі. Лёд на рэчцы затрашчаў. Глядзіць прыветна з неба сонца.
5. Сказ няпоўны. Сказы, у якіх няма навочных дзейніка ці выказьніка, але калі яны само сабою мысьляцца, называюцца няпоўнымі. Напрыклад: Зачыняйце шчыльна хату! Крык і гоман на дарозе. У белым сьнезе маладняк. Працаваць вучыся зрана, у маладыя годы. Яго ласка да парогу.
Такім парадкам вытвараюцца ў мове няпоўныя сказы, напрыклад, з азначэньнем без азначальнага слова (вам загранічнага?), з выказьнікам, але бяз дзейніка, і нават зусім бяз выказьніка (Пожар! Дождж і град, і галялёд).
Трэба памятаць, што нявыказаныя часьціны ў няпоўным сказе не „падразумяваюцца“, а толькі мысьляцца, бо нават і той, хто гаворыць, ня можа з пэўнасьцю сказаць, якое ўласна слова ня выказана. Напрыклад, у сказе, „Пожар!“ трудна з пэўнасьцю сказаць, які тут выказьнік не названы: пачаўся пожар, выбух пожар, ідзе пожар ці гарыць пожар? Гэты сказ ясны для нас сам па сабе, бяз выказьніка.